Разделы


Календарь

«    Декабрь 2014    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
 

Архив

Декабрь 2014 (12)
Ноябрь 2014 (17)
Октябрь 2014 (13)
Сентябрь 2014 (12)
Август 2014 (7)
Июль 2014 (7)

Партнёры

 
Главная страница » Исследования » Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбля
Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбля 2 февраля 2010

У склад Музейнага фонду Беларусі ўваходзіць збор музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, аснову якога складае ўнікальная мастацкая калекцыя князёў Паскевічаў, якія валодалі Гомельскім палацам у 1834-1918 гг. У ёй былі прадстаўлены амаль усе жанры мастацтва і творы знакамітых мастакоў XIX ст.

Самым прадуктыўным у дачыненні архітэктурнай рэарганізацыі палаца і стварэння ў ім калекцыі мастацкіх твораў былі 1830-я-1856 гг., калі ім валодаў Іван Фёдаравіч Паскевіч, вядомы расійскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, намеснік Царства Польскага (з 1832 г.), генерал-фельдмаршал, граф Эрыванскі, князь Варшаўскі. Разам з мэбляй, дыванамі, асвятляльнымі прыборамі, гадзіннікамі, іншымі прадметамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, палацавыя залы і пакоі ўпрыгожваліся творамі жывапісу, графікі і скульптуры. Іх набывалі альбо заказвалі ў прэстыжных майстэрнях і магазінах Санкт-Пецярбурга і Варшавы, якія абслугоўвалі і імператарскі двор.

Для даследавання і атрыбуцыі твораў выяўленчага мастацтва, што былі створаны  па заказу І.Ф.Паскевіча для Гомельскага палаца мастакамі, якія пражывалі ў Польшчы, аўтар выкарыстаў творы, што захаваліся ў музейных зборах, дакументы Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, вопісы маёмасці палаца за розныя гады. Параўнаць творы, якія захоўваюцца ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з агульнай карцінай развіцця польскага мастацтва XIX ст., атрымаць біяграфічныя звесткі пра іх аўтараў дазволілі працы пераважна польскіх даследчыкаў мастацтва, даведачныя выданні, альбомы і каталогі1.

У першай палове ХІХ ст. у польскім мастацтве інтэнсіўна развіваўся рамантычны кірунак, які аказваў на нацыянальную культуру моцны ўплыў, што тлумачыцца яе спецыфічным характарам, заснаваным на ідэі адраджэння польскай нацыі2. Адным з заснавальнікаў польскага рамантычнага жывапісу лічыцца мастак Аляксандр Арлоўскі (1777-1832)3. У вопісах Гомельскага палаца ўзгадваюцца яго карціны з выявамі "татарына ў чалме", башкір, кіргізаў, "казакаў верхам", мужчынскія партрэты, карціны "з польскага жыцця XVIII ст.". Практычна ўсе творы А.Арлоўскага з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ў 1939 г. былі перададзены ў Мінск для карціннай галерэі, якая ў той час арганізавалася4. Карціны  "Башкір на кані",  "Вуліца з паштарамі" і "Аўтапартрэт" у сучасным зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь дазваляюць скласці некаторае ўяўленне аб унікальнасці паскевіцкай калекцыі карцін А.Арлоўскага - віртуознага рысавальшчыка, выдатнага каларыста і баталіста-рамантыка5.

Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляВідным прадстаўніком рамантызму, які панаваў у польскім мастацтве пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гг., быў Марцін Залескі (1796-1877)6. У зборы Музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля знаходзіцца карціна "Від Тыфліса" з надпісам на адваротным баку карціны "Vin de la Vide de Tiflis par Zaleski". Словы "пісаў Залескі" не раз узгадваюцца на старонках вопісаў палацавых наяўнасці, як у адносінах аўтарскіх работ, так і копій твораў іншых аўтараў. Намеснік Царства Польскага І.Ф.Паскевіч заказваў М.Залескаму копіі з карцін мастака Белота Бернарда (Каналета), які былі вядомы сваімі шматлікімі карцінамі з відамі Варшавы. Працы Б.Белота ўпрыгожвалі Каралеўскі замак польскай сталіцы, у якім знаходзілася рэзідэнцыя І.Ф.Паскевіча7. У Гомелі карціны М.Залескага, якія адлюстроўвалі разнастайнасць варшаўскіх архітэктурных пейзажаў і інтэр'ераў, размяшчаліся ў вежы палаца разам з іншымі творамі, якія прысвячаліся дзейнасці фельдмаршала ў Польшчы8.

Пры дапамозе І.Ф.Паскевіча М.Залескі атрымаў урадавы заказ на выкананне карцін з відамі крэпасцей і ўмацаваных месцаў заходняй часткі Расійскай імперыі. У сувязі з гэтым у 1839-1848 гг. мастак шмат вандраваў, наведаў і Гомель, дзе напісаў карціну "Выгляд Гомельскага палаца"9, у якой паводле дарэвалюцыйных вопісаў знаходзілася ў палацавай вежы. Панарама палаца дазваляе скласці ўяўленне пра яго выгляд у 1840-я гг. Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляДакладны і выразны сілуэт палаца з пышнымі фрагментамі пейзажнага парка намаляваны на фоне каларытнага, з аблокамі неба. Падрабязна чытаюцца скрупулёзна выпісаныя архітэктурныя дэталі пабудовы, паркавыя алеі і пасадкі. Ад яркага блакітнага небасхілу ў верхняй частцы кампазіцыі і высветленага палацавага фасада ў цэнтры мастак робіць пераход да цёмнага, амаль чорнага, зацененага пярэдняга плана. Гэта характэрны прыём у жывапісе М.Залескага - сімваліста, які імкнуўся падкрэсліць барацьбу святла і цемры. Як правіла, у яго кампазіцыях прысутнічае стафаж, як у гомельскім пейзажы, дзе выяўлены дамы з кавалерамі, якія едуць у карэце, і дваровыя людзі, якія ідуць і стаяць.

Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляСярод шматлікіх мастацкіх твораў партрэтнага жанру ў гомельскім мастацкім зборы І.Ф.Паскевіча знаходзіліся работы Яна Ксаверыя Канеўскага (1805-1867). За парадную выяву І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, напісаную ў 1845 г., мастаку было прысвоена званне акадэміка жывапісу. Выкананая ім у 1849 г. копія знаходзіцца ў Дзяржаўным Рускім музеі, іншая была ў Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу10. У палацы І.Ф.Паскевіча быў напісаны Я.Канеўскім "Партрэт мітрапаліта Антонія", падараваны фельдмаршалу11. "Партрэт Зінаіды Сяргееўны Дзівавай" з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь красамоўна сведчыць пра ўвагу і стараннасць, якія праяўляў гэты мастак да сваёй мадэлі12.

У вопісах палаца ёсць інфармацыя аб наяўнасці ў зборы Паскевічаў разнастайнай па матэрыяле і тэхніцы выканання партрэтнай мініяцюры. 11 акварэльных партрэтаў на косці, якія захаваліся ў зборы музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, прадстаўляюць членаў сям'і Паскевічаў. Сярод іх - 5 работ з аўтарскім подпісам "Marszałkiewicz", які належыць руцэ буйнейшага польскага мініяцюрыста першай паловы XIX ст. Станіслава Маршалкевіча (1789-1872), які карыстаўся вялікай папулярнасцю сярод сваіх сучаснікаў і напісаў каля 1000 мініяцюрных партрэтаў13. Аднак раней не было вядома пра наяўнасць яго твораў у Гомельскім палацы. Сярод пералічаных у розных публікацыях мініяцюр з подпісам С.Маршалкевіча ўзгадваецца партрэт І.Ф.Паскевіча-Эрыванскага, які знаходзіцца ў Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбурзе14. Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляУ гомельскім варыянце фельдмаршал паказаны ў генеральскім мундзіры з эпалетамі і аксельбантам, ордэнскай стужкай, узнагародамі і знакамі адрознення, рукі скрыжаваны на грудзях, у правай ён трымае фельдмаршалскае жазло. За аснову работы быў узяты фрагмент кампазіцыі карціны Ф.Кругера з Фельдмаршальскай залы Эрмітажа, што дае падставы датаваць партрэт пасля 1834 г. Астатнія мініяцюры сям'і Паскевічаў, як падпісаныя С.Маршалкевічам, так і тыя, што, як лічыцца, выкананы ім, таксама дэманструюць віртуозную манеру мастака і характэрныя асаблівасці жанру партрэта першай паловы XIX ст., якія заключаліся ў "дэмакратызацыі тыпажу, увазе да індывідуальных рыс выяўленых людзей, больш рэалістычнай трактоўцы іх вобразаў"15.

Адным з першых прадстаўнікоў гістарызму ў польскім жывапісу быў баталіст Януары Сухадольскі (1797-1875)16. Гэты мастак нарадзіўся ў Гродна, удзельнічаў у паўстанні 1830-1831 гг. Пасля яго паражэння паехаў у Рым, дзе вучыўся жывапісу ў французскай майстэрні Араста Верне. У 1837 г. пасля вяртання ў Варшаву мастака заўважыў расійскі імператар Мікалай I, і ён не раз выконваў мастацкія творы па заказам яго польскага намесніка І.Ф.Паскевіча. За работу "Штурм крэпасці Ахалцых" імператар узнагародзіў мастака залатым пярсцёнкам з брыльянтамі і запрасіў у Санкт-Пецярбург, дзе яму было нададзена званне акадэміка Акадэміі мастацтваў. Карціна паступіла ў Зімні палац, да 1930 г. знаходзілася ў Эрмітажы, адкуль была перададзена Музею інжынерыі пры Ваенна-тэхнічнай Акадэміі17. У музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля захоўваецца напісаны для фельдмаршала І.Ф.Паскевіча варыянт гэтай карціны з подпісам "Januier Suchodolski, 1838".

Многія крытыкі як XIX так і XX стст. адзначалі, што ў работах Я.Сухадольскага прасочваецца моцны ўплыў творчасці А.Верне. Характэрныя для А.Верне дакладны малюнак у выяўленні батальных сюжэтаў з масавым удзелам войскаў, вызначаныя позы і эфекты былі запазычаны Я.Сухадольскім, а затым выкарыстаны ў многіх творах як гатовыя шаблоны. Да іх ліку адносіцца манера выяўлення каня, як правіла, арабскага скакуна, з распраўленымі грудзямі, раздутымі ноздрамі і хвастом, які развяваецца. Мастак пераняў у Г.Верне і эфект асвятлення сцэн у карцінах дзвюма крыніцамі святла: месяца і агню18. Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляНа палатне "Штурм крэпасці Ахалцых" выразна прачытваецца апошняя схема. Тут паказаны захоп расійскай арміяй турэцкай цытадэлі ноччу. Пераадолеўшы каменную напаўразбураную гарадскую сцяну (на пярэднім плане), расійскія войскі прасоўваюцца да цэнтра бастыёна, дзе палыхае яркае полымя, якое асвятляе поле бітвы. Сярэдні план выдзелены групай салдат. Над ёй узвышаецца фігура іх афіцэра з шабляй і ўзнятым сцягам у руках, які заклікае атакаваць ворага. Відавочна прымяненне знакамітага рамантычнага матыву Эжэна Дэлакруа з карціны "Свабода, якая вядзе народ". Я.Сухадольскі стварыў карціны, прысвечаныя іншым бітвам каўказскай кампаніі І.Ф.Паскевіча для Зімняга і Гомельскага палацаў. Яго карціны "Узяцце Карса ў 1828 годзе" і "Узяцце Арзерума ў 1829 годзе" знаходзіліся ў Фельдмаршальскай зале Эрмітажа каля параднага партрэта І.Ф.Паскевіча19. Падобныя назвы карцін можна знайсці і ў вопісах маёмасці Гомельскага палаца. У наш час у музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, акрамя карціны "Штурм крэпасці Ахалцых", захаваліся таксама іншыя творы мастака - карціны "Здача крэпасці Абас-Абады" (падпісаная "Januier Suchodolski, 1832"), "Здача крэпасці Эрзерум" (падпісаная "Januier Suchodolski"), іншыя творы гістарычнага жанру, якія могуць быць прыпісаны аўтарству Я.Сухадольскага.

Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляВывучыўшы творчую манеру мастака, можна з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што карціна з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля "Фельдмаршал на біваку", набытая ў Санкт-Пецярбургу ў 1867 г.20, несправядліва прыпісваецца ў музейнай дакументацыі М.Залескаму. Сцэны з лагерам на прывале не раз сустракаюцца ў творчасці Я.Сухадольскага21. У гэтай карціне чытаецца апісаны вышэй мастацкі прыём мастака, які выкарыстоўваў два віды асвятлення: халоднае блакітнаватае святло месяца і аранжава-гарачае свячэнне кастра. У Гомельскім палацы захоўвалася карціна, у назве якой адлюстраваны любімы сюжэт Я.Сухадольскага: "Ноч М(азен?)ы бівак, асвятленне месяцовым агнём, пісаў Сухадольскі" і якая не захавалася да нашага часу. Пры параўнанні карціны "Фельдмаршал на біваку", якая захоўваецца ў Музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, з палатном "Бівак польскіх уланаў пад Ваграм" (Нацыянальны музей у Варшаве, 1859), які належыць пэндзлю Я.Сухадольскага, не ўзнікае сумненняў, што абодва творы як кампазіцыйна, так і каларыстычна задумваліся ім. Гэта значыць, што аўтарам "Фельдмаршала на біваку" мог быць Я.Сухадольскі, а М.Залескі верагодна зрабіў толькі копію карціны.

Аўтарства жывапіснага твора "Узяцце ў палон Гакі-Пашы 20 ліпеня 1829 года", які знаходзіцца ў фондах музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, раней таксама прыпісвалі М.Залескаму. Аднак у яго творчасці, у тым ліку калі ён капіраваў карціны іншых мастакоў, батальныя сюжэты не сустракаюцца зусім. На палатне карціны ў правым ніжнім вугле ўдалося вывіць подпіс "Brodow...", які захаваўся толькі часткова. Магчыма, яе аўтарам з'яўляецца Тадэвуш Брадоўскі (1821-1848). Па заказу І.Ф.Паскевіча ён выконваў у Варшаве копіі з карцін Я.Сухадольскага, за што атрымліваў стыпендыю для вучобы за мяжой, у Рыме і Парыжы. Т.Брадоўскі пісаў у асноўным батальныя творы і, знаходзячыся пад уплывам творчасці А.Арлоўскага, часта маляваў коннікаў, якія скачуць22. Некаторыя карціны на тэму турэцкай і персідскай кампаній І.Ф.Паскевіча Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбля[/center]ў зборы Гомельскага палаца могуць быць копіямі твораў Я.Сухадольскага, выкананымі Т.Брадоўскім. Што тычыцца "Узяцця ў палон...", то карціну з такой жа назвай нам удалося знайсці сярод пераліку твораў Т.Брадоўскага ў "Слоўніку польскіх мастакоў...", складзеным Эдвардам Раставіцкім, і ў "Слоўніку мастакоў, скульптараў..." Е.Бенезі, што можа даказваць аўтарства Т.Брадоўскага ў адносінах да адзначанай карціны, якая знаходзіцца ў музеі Гомельскага палацава-паркавага комплекса23.

У музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля знаходзіцца выкананая таксама ў гістарычным жанры карціна са збору князёў Паскевічаў "Атрыманне ваеннай кантрыбуцыі рускімі ад персаў". Яе характарызуюць жорсткая манера жывапісу і наяўнасць стафажных фігур персанажаў. На жывапісным слоі твора прадрапаны аўтограф "Schouppe". У літаратуры, прысвечанай польскаму мастацтву, захоўваюцца звесткі пра польскага мастака Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляАльфрэда Шупе (1812-1899), які ў сваёй творчасці прайшоў шлях ад гістарызму да рэалістычнага мастацтва. І.Ф.Паскевіч выдзеліў яму стыпендыю для вучобы ў Акадэміі св. Лукаша ў Рыме. Праз некалькі гадоў пасля яе заканчэння, па заказу намесніка Царства Польскага мастак выканаў адзначаную вышэй карціну "Выплата персамі ваеннай кантрыбуцыі рускім" (варыянт перакладу з польскай мовы). У 1845 г. яна разам з іншымі работамі А.Шупе экспанавалася на Публічнай выстаўцы ў Варшаве. Паводле ацэнкі, якую далі крытыкі карціне, работа была нясмелай і выглянцаванай, статычнай і невыразнай, з няўдалай кампазіцыяй. Разам з тым, за выстаўлены адначасова італьянскі пейзаж А.Шупе быў прысуджаны сярэбраны медаль24. Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляУ гэтай карціне ў мастака праявілася відавочная адсутнасць натхнення з выяўленні рускага пераможца палякаў І.Ф.Паскевіча. Іншая напісаная А.Шупе карціна "Здача сцягоў пры Джаван-Булаке пасля бітвы 5 ліпеня 1827 года" з фондаў музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля дэманструе некалькі насмешлівыя адносіны аўтара да падзей, што праяўляецца ў выяўленні фігур рускіх афіцэраў і фельдмаршала, якія нагадваюць цацачных алавяных салдацікаў і падобныя адзін на аднаго. Хутчэй за ўсё, мастак такім чынам выказаў сваё негатыўнае стаўленне да І.Ф.Паскевіча і царскай палітыкі ў Польшчы.

Разам з творамі жывапісу, у Гомельскім палацы знаходзілася вялікая колькасць скульптурных твораў. У парку, на пляцоўцы з паўднёвага боку вежы, была ўсталявана конная статуя князя Юзафа Панятоўскага работы дацкага скульптара Б.Торвальдсена. У калекцыі мастацкай бронзы музея Гомельскага палацава-паркавага комплексу захоўваецца мініяцюрная бронзавая мадэль гэтага помніка. Скульптурная выява змешчана на прамавугольным п'едэстале, на баках якога змешчаны надпісы на польскай і нямецкай мовах "Князь Юзаф Панятоўскі" і родавы герб Панятоўскіх. Авальнае кляймо "Warszawa Trouvé 1840" на падмурку пастамента належыць бронзаўшчыку Жану Труве. Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляУ 1822 г. ён прыехаў у Варшаву з Францыі, а ў 1827 г. стаў уладальнікам бронзаліцейнай майстэрні. Гэтая майстэрня праславілася стварэннем рэчаў, якія вырабляліся "па ўзору парыжскіх, адрозніваліся стараннай апрацоўкай і добрай пазалотай" і экспанаваліся на Усерасійскіх мастацка-прамысловых выстаўках 1839, 1841 і 1857 гг. Зробленая майстэрняй Ж.Труве ў 1840 г. мадэль помніка Ю.Панятоўскаму таксама адзначана якасным выкананнем, нюансіроўкай дэталей, камбінаваннем зеленавата-карычневай паціны з залачэннем дробных элементаў. Палкаводзец прадстаўлены ў адзенні рымскага воіна, з прыпаднятым мячом у правай руцэ, які некуда ўказвае. Узорам для гэтага твора стаў старажытнарымскі манумент імператара Марка Аўрэлія. Гэтая скульптура ўяўляла для Паскевічаў асаблівую каштоўнасць, паколькі была ўнесена ў "Каталог збору Ф.І.Паскевіча", дзе знаходзіліся толькі крыху больш за 2 тыс. твораў з велізарнай сямейнай калекцыі мастацкіх твораў25.

У збор мастацкага металу музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ўваходзіць яшчэ адна скульптура - фельдмаршала І.Ф.Паскевіча на кані, адлітая ў чыгуне. Расшыфроўка надпісу на яе пастаменце дазволіла інтэрпрэтаваць яе стваральнікаў. Аўтарам мадэлі з'яўляўся Юзаф Майнерт (1813-1879) - вядомы медальер і гравёр Варшаўскага манетнага двара. Нягледзячы на тое, што сярод яго работ не сустракаецца круглая скульптура, несумненна, што выканаў конную статую І.Ф.Паскевіча менавіта ён26. Твор быў адліты ў варшаўскай майстэрні Яна-Караля Дрэўса.Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбляФабрыка Дрэўса на працягу другой чвэрці XIX ст. не мела сабе роўных ва ўсёй Польшчы. У гэты час чыгуннае ліццё набыло асаблівую папулярнасць як у архітэктурным аздабленні будынкаў, вырабе прадметаў ужытку, так і ў адліве скульптуры, у тым ліку манументальнай і кабінетнай. На выстаўцы 1841 г. у Варшаве фірма Дрэўса была багата прадстаўлена статуарным ліццём, у тым ліку і коннай скульптурай намесніка Царства Польшчы І.Ф.Паскевіча27. Па меркаванню намесніка дырэктара Нацыянальнага музея ў Варшаве Рычарда Баброва, у Гомелі знаходзіцца менавіта экспазіцыйны экземпляр скульптуры, які мог быць набыты І.Ф.Паскевічам непасрэдна на выстаўцы. Ён аргументаваў гэта наяўнасцю пашыранага лацінамоўнага надпісу на творы, дзякуючы якому былі атрыманы звесткі аб яе аўтарах. 

У зборы выяўленчага мастацтва Гомельскага палаца, як бачна з вопісаў наяўных рэчаў, знаходзілася вялікая колькасць графічных работ. Адным з рарытэтных твораў лічылася гравюра, на якой І.Ф.Паскевіч быў прадстаўлены на белым кані з фельдмаршальскім жазлом у руцэ. Яна была створана ў 1847 г. на аснове карціны мастака Я.Сухадольскага варшаўскім гравёрам Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамбля Фрыдрыхам Адольфам Дзітрыхам (1817-1860) па заказу імператара Мікалая I. Усяго было зроблена толькі тры адбіткі гэтага партрэта: для Зімняга палаца, у калекцыю гравюр сенатара Д.А.Равінскага і ў палац І.Ф.Паскевіча, пасля чаго медная дошка была знішчана самім аўтарам. Месцазнаходжанне гравюры ў наш час невядома28.

У перыяд пражывання фельдмаршала ў Польшчы пачаў фарміравацца і яго бібліятэчны збор, які затым збіралі яго сын і нявестка ў Гомелі. Па персанальнаму заказу І.Ф.Паскевіча кнігі перапляталіся і апраўляліся ў высокамастацкія вокладкі ў Варшаве. Тут жа друкаваўся і спецыяльна распрацаваны знак "Ex libris" бібліятэкі намесніка. Экслібрыс І.Ф.Паскевіча выкананы ў Творы мастакоў з Польшчы ў музеі палацава-паркавага ансамблявыглядзе заключанага ў васьмівугольную рамку выявы родавага герба Паскевічаў і мае падвойную лінейную рамку, у ніжняй правай частцы якой змешчаны надпіс "Неrkner litograf.". Пошукі звестак пра аўтара завяршыліся паспяхова. Таксама, альбо "J. Herkner Lit.", падпісваўся варшаўскі медальер і гравёр Юзаф Херкнер (1802-1864). Ён прайшоў курс навучання на аддзяленні выяўленчых мастацтваў Варшаўскага універсітэта, з 1827 па 1856 г. быў старшым гравёрам у медальернай майстэрні Варшаўскага манетнага двара. У 1837 г. заснаваў уласнае літаграфічнае прадпрыемства, дзе друкаваліся ілюстрацыі кніг і часопісаў, партрэты, карты і, як бачна з подпісу Ю.Херкнера, выконваліся адбіткі экслібрыса бібліятэкі Паскевічаў29.

Падводзячы вынікі праведзенага аўтарам даследавання, можна зрабіць выснову, што творы масткоў з Польшчы, якія знаходзіліся ў Гомельскім палацы І.Ф.Паскевіча, складалі дастаткова цэласны комплекс, і ў першую чаргу адлюстроўвалі жаданне ўладальніка ўвекавечыць падзеі, звязаныя з яго ваеннай кар'ерай. Пражываючы ў Варшаве і маючы практычна неабмежаваную ўладу і сродкі, намеснік карыстаўся паслугамі мясцовых майстроў, якія атрымлівалі ад яго значную фінансавую падтрымку як у якасці ўзнагароджання за выкананыя заказы, так і ў выглядзе стыпендый для навучання за мяжой. Такім чынам, шляхам прыцягнення майстроў з Польшчы, якія знаходзіліся пад уплывам перадавой мастацкай думкі Еўропы, да афармлення Гомельскага палаца І.Ф.Паскевіча, сюды пранікалі самыя апошнія тэндэнцыі ў мастацтве, якія праявіліся ў гэты перыяд рысамі позняга класіцызму і рамантызму.

1 Dobrowolski T. Malarstwo Polskie. 1764-1964. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1968; Dobrowolski T. Sztuka polska od czasów najdawniejszych do ostatnich. Kraków, 1974; Historia sztuki polskiej w zarysie: w 3 t. / Pod red. T.Dobrowolskiego i W.Tatarkiewicza. T. 3: Sztuka nowoczesna. Kraków, 1962; Polski Słownik Biograficzny. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1935-2006; Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających: Malarze, rzeźbiarze, graficy. T. I-VII. Warszawa-Wrocław, 1971-2003; Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T.1-2. W-wa, 1850-1857.

2 Dobrowolski T. Malarstwo Polskie. 1764-1964. S. 82-85; Шедевры польской живописи XIX-начала XX в. из собраний польских музеев: каталог выставки / авт.-сост. и пер. с польск. Л.Скальская; под общ. ред. Л.И. Тананаевой. М., 1974. С.13-14.

3 Базылёв Л. Поляки в Петербурге. СПб., 2003. С. 98-100; Свирида И.И. Польская художественная жизнь конца XVIII-первой трети XIX века. М., 1978. С. 168-169.

4 Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 9, спр. 2. "Вопіс наяўнасці Гомельскага палаца княгіні Паскевіч. 1910 г.".

5 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV-пачатку XX стагоддзя / Аўт.-сrлад. Ю.А.Піскун, Н.Ф.Высоцкая, У.А.Карпенка. Мн., 2006. С. 189; Русская дореволюционная и советская живопись в собрании Национального художественного музея Республики Беларусь. Каталог в двух томах. Т. 2 // Сост. Бадин Р.Г. и др. Мн., 1997. С. 286.

6 Marcin Zaleski (1796-1877). Wystawa monograficzna: katalog / Opracowała Z.A. Nowak. Warszawa, grudzień 1983-marzec 1984. S. 12; Sztuka warszawska od średniowiecza do połowy XX wieku: katalog wystawy jubileuszowej zorganizowanej w stulecie powstania muzeum (Narodowe w Warszawie) 1863-1962. II od wieku oświecenia do połowy XX wieku. W-wa, maj-wrżesień 1962. S. 202.

7 Marcin Zaleski (1796-1877). Wystawa monograficzna: katalog. S. 12.

8 Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 9, спр. 1, арк.18 адв., 19, 162, 169; Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 3013, воп. 1, спр. 190, арк. 11 адв.

9 Marcin Zaleski (1796-1877). Wystawa monograficzna: katalog. S. 12, 15.

10 Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. С. 348-351; Свирида И.И. Польская художественная жизнь конца XVIII-первой трети XIX века. С. 154; Polscy uczniowie Akademii Sztuk Pięknuch w Petersburgu w XIX i na początku XX wieku: katalog wystawy; Muzeum Narodowe w Warszawie. W-wa, 1989. С. 16-17; Свирида И.И. Между Петербургом, Варшавой и Вильно: Художник в культурном пространстве. XVIII-середина XIX века: Очерки. М., 1999. С. 253.

11 Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 9, спр. 1, арк.17, 21 адв.

12 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва XV-пачатку XX стагоддзя. С. 208.

13 Historia sztuki polskiej w zarysie: w 3 t. / Pod red. T.Dobrowolskiego i W.Tatarkiewicza. T. 3: Sztuka nowoczesna. S. 78; Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T. 2. S. 384-387.

14 Słownik malarzów polskich tudzież obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T. 2. S. 384-387; Свирида И.И. Между Петербургом, Варшавой и Вильно: Художник в культурном пространстве. XVIII-середина XIX века: Очерки. С. 253; Pamiętnik wystawy miniatur, oraz tkanin i haftów, urządzonej w domu własnym w Warszawie przez Towarzyswo Opieki nad zabytkami przeszłości w czerwcu i lipcu 1912 roku. W-wa, 1912. S. 17-22.

15 "Совершенно модный живописец" Франц Крюгер в Петербурге: каталог выставки / авт.-сост. Б.И.Асварищ [и др.]. СПб., 1997. С. 127, кат. 70; Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 9, спр. 2, арк. 73.

16 Базылёв Л. Поляки в Петербурге. С. 14; Polski Słownik Biograficzny. T. XLIV/1. S. 249.

17 Sroczyńska K. January Suchodolski: katalog / Рod red. A.Ryszkiewicza; Instytut sztuki Polskiej Akademii Nauk. Tom XII. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1961. S.153, kat.73-74.

18 Album Sztuki Polskiej / оpracował H. Piątkowski. W-wa, 1901. S.42; Sroczyńska K. January Suchodolski: katalog / Рod red. A. Ryszkiewicza; Instytut sztuki Polskiej Akademii Nauk. Tom XII. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1961.

19 Живопись и живописцы главнейших европейских школ: настольная книга для любителей изящных искусств / Сост. А.Н.Андреев. СПб., 1857. С. 578.

20 НГАБ. Ф. 3013, воп. 1, адз. 151. т. 2, арк. 286.

21 Sroczyńska K. January Suchodolski: katalog / Рod red. A. Ryszkiewicza; Instytut sztuki Polskiej Akademii Nauk. Tom XII. S. 19.

22 Album Sztuki Polskiej / Opracował H.Piątkowski. S. 62; Słownik malarzów polskich tudzieź obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T. 2. S. 78-80.

23 Słownik malarzów polskich tudzieź obcych w Polsce osiadłych lub czasowo w niej przebywających. T. 2. S. 79; Dictionnaire Critique et Documentaire des peintres, sculpteurs dessinateurs & graveurs de tous les temps et de tous les pays. Par un Groupe d'Écrivains spécialistes Français et Étrangers sous la direction de E. Bénézit. Avec nombreuses reproductions hors texte d'aprés les maitres. Tome premier A-C. Paris, 1924. Р. 761; Живопись и живописцы главнейших европейских школ: настольная книга для любителей изящных искусств / Сост. А.Н. Андреев. СПб., 1857. С. 571.

24 Dobrowolski T. Malarstwo Polskie. 1764-1964. S. 566-567; Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających: Malarze, rzeźbiarze, graficy. T. I-VII. S. 609-611.

25 Матвеев В.Ю. Часы бронзовщиков России на Всероссийских художественно-промышленных выставках 1829-1861 годов // Декоративно-прикладное искусство России и Западной Европы конца XVII-XIX веков: сборник научных трудов / Под ред. И.Н. Ухановой. Л., 1986. С. 78; Каталог предметам искусства, составляющим собрание князя Федора Ивановича Паскевича / Сост. в 1873-1885 гг. СПб., 1885. С. 93, № 1520.

26 Słownik artystów polskich i obcych w Polsce działających: Malarze, rzeźbiarze, graficy. Polska Akademia nauk. Instytut sztuki. T.V. S. 250; Więcek, A. Dzieje sztuki medalierskiej w Polsce - 2-ie wyd. - Kraków: Wydawniectwo Literackie, 1989. - 326 s. S. 116-117.

27 Więcek A. Dzieje sztuki medalierskiej w Polsce - 2-ie wyd. - Kraków: Wydawniectwo Literackie, 1989. - 326 s. S. 106-107.

28 Фонды музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. Ф. 9, спр. 1, с. 329, арк. 167, № 3116; Ровинский Д.А. Подробный словарь русских гравированных портретов. Т.1-4. СПб., 1886-1889. Гр. 26, стлб. 1492-1493; Sroczyńska K. January Suchodolski: katalog / Рod red. A. Ryszkiewicza; Instytut sztuki Polskiej Akademii Nauk. Tom XII. Wrocław-Warszawa-Kraków, 1961. Кat. 81, s. 37.

29 Polski Słownik Biograficzny. T. IX. S. 458-459.

Таццяна ЛІТВІНАВА
(загадчык мастацкага аддзела музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля)
 

Заўвага: артыкул надрукаваны ў "Беларускім гістарычным часопісе" №12 за 2009 г.

Просмотров: 47900
Комментариев: 0
Другие новости по теме:

  • Выстава «Люблю наш край, старонку гэту...» , прысвячаецца памяці мастакоў Б ...
  • Выстава “І рай і боль на Песеннай зямлі”


  • Раздел » Исследования
    Добавление комментария



     

    Мы в сети

    Анонсы

    Год гостеприимства

    3D-тур по гомельскому музею!
    ПРЕЗЕНТАЦИЯ ПУТЕВОДИТЕЛЯ ПО ИСТОРИЧЕСКОМУ ЦЕНТРУ ГОМЕЛЯ
    Проект «Большой музей для любознательных друзей»
    "Откуда в музей приходят экспонаты и как они там живут?"
    Музейный проект “Встреча с музеем”
    ПРЕЗЕНТАЦИЯ НОВОГО КУЛЬТУРНО-ОБРАЗОВАТЕЛЬНОГО ПРОЕКТА «БОЛЬШОЙ МУЗЕЙ ДЛЯ ЛЮБОЗНАТЕЛЬНЫХ ДРУЗЕЙ»
    «Кузница счастья» в Зимнем саду гомельского парка
    Новые дополнительные возможности свадебной фото- и видеосъемки во дворце Румянцевых и Паскевичей
    Отличный подарок близким и друзьям!

    Музею-95.Летопись

    Объявления

    План

    Погода

    Гомель

    Популярное

    3D-тур по гомельскому музею!
    Информация к сведению!
    Выставочный проект Руслана Вашкевича "Иди и смотри"
    Выставка «Вещи между жизнью и смертью» и спецпредложени ...
    Выставка фотографий Мартина Странки «MONO»

    Опрос

    Контакты Все права защищены. © 2012. Гомельский дворцово-парковый ансамбль