_______

Разделы


Календарь

«    Март 2024    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31

Архив

Март 2024 (16)
Февраль 2024 (10)
Январь 2024 (15)
Декабрь 2023 (10)
Ноябрь 2023 (10)
Октябрь 2023 (15)

Партнёры

 
Главная страница » Публикации » Ён ствараў аблічча нашага горада
Ён ствараў аблічча нашага горада 4 декабря 2008
Гомельская правда, 4 декабря 2008 года
 
2 снежня 2008 г. адзначаецца 140 год з дня нараджэння выдатнага беларускага дойліда Станіслава Данілавіча Шабунеўскага (1868–1937), чыё імя ўключана ва ўсе энцыклапедыі і падручнікі па архітэктуры, а жыццё і творчасць аказаліся непарыўна звязанымі з Гомелем.

Гомельская зямля нарадзіла будучага архітэктара – яго радзімай стала сяло Скароднае Мазырскага павета Мінскай губерні (сёння – Ельскі раён Гомельскай вобл.). Ст. Шабунеўскі паходзіў са старажытнага шляхетскага рода, які вёў сваю гісторыю ад XVI ст., але да XIX ст. страціў землеўладанні і перайшоў да дробнай чыноўніцкай службы, што было даволі тыповым інтэлігенцыі рубяжа ХІХ-ХХ ст. Бацька Станіслава быў паштовым служачым і некалькі разоў мяняў месца працы, пераязжаючы з аднаго павятовага горада ў другі.
Сталенне і вучнёўства С. Шабунеўскага прайшло ў Пінску, Бабруйску. Гэтыя гарады ўразілі яго сваёй старажытнай архітэктурай і зрабілі ўплыў на фарміраванне мастацкага густу. У 1890 г. ён ярэднюю скончыў адукацыю у знакамітай з 1617 г. Слуцкай мужчынскай класічнай гімназіі, дзе вучыўся на сродкі камітэта дапамогі бедным вучням. Паступіўшы пасля гімназіі, ў Санкт-Пецярбургскі універсітэт на матэматычны факультэт, праз год Станіслаў вырашыў, што яго жыццё павінна быць аддана архітэктуры. Аднак вучоба на матэматычным факультэце не прайшла дарма – у большасці будучых твораў майстра адчуваецца матэматычная дакладнасць, імкненне "праверыць алгебрай гармонію".

У 1891 г. Шабунеўскі стаў студентам Пецярбургскага інстытута грамадзянскіх інжынераў, дзе яго навучалі такія знакамітыя архітэктары-практыкі свайго часу як Р.А. Гедзіке, І.С. Кітнер, В.А. Шрэтэр і інш. Інстытут быў паспяхова скончаны ў 1896 г. З дыпломам першага разраду Станіслаў быў накіраваны на пасаду інжынера ў будаўнічы аддзел гомельскага ўчастка Лібава-Роменскай чыгункі. Але склалася так, што замест чыгуначных аб’ектаў яго першай значнай работай ў Гомелі стаў праект будынака Аляксандраўскай мужчынскай гімназіі (1898), у якім зараз знаходзіцца галоўны вучэбны корпус Беларускага універсітэта транспарта. Дарэчы, сёлета гэтаму шыкоўнаму збудаванню, выкананаму ў стылі нэакласіцызма, спаўняецца 110 год.

С. Шабунеўскаму пашанцавала, што напачатку яго творчай дзейнасці склаўся круг яго кантактаў з асяродкам творчай і адукаванай інтэлігенцыі Гомеля. А вызначальным момантам яго прафесійнай біяграфіі стала падтрымка з боку князёў Паскевічаў – Федара Іванавіча і Ірыны Іванаўны. Іх бездакорны густ і інтуіцыя дазволілі ўбачыць у маладым чалавеку вялікае дараванне. С. Шабунеўскаму была прапанавана адказная пасада гарадскога архітэктара Гомеля.

Тагачасны Гомель імкліва пераўтвараўся з правійцыйнага павятовага мястэчка ў прамыслова-транспартны і культурны цэнтр, які па свайму патэнцыялу абганяў губернскі Магілёў. Пасля прыходу сюды Лібава-Роменскай і Палескай чыгунак у некалькі разоў павялічылася насельніцтва, узніклі новыя раёны, расла банкаўская і сацыяльная сферы. На шчасце, у тагачасным Гомелі знайшліся сілы і магчымасці, здольныя забяспечыць яго развіццё адпаведна патрабаванням ХХ ст. Інтэлект і дасведчанасць Паскевічаў, матэр’яльныя магчымасці гомельскіх купцоў-прадпрымальнікаў як Паляковы, Грошыкавы, Шановічы, Дамброўскі і інш., а таксама талент архітэктара С. Шабунеўскага вызначылі сапраўдную рэвалюцыю ў абліччы горада.

Архітэктар Шабунеўскі быў майстрам прасторава-планіровачнай арганізацыі города, яго функціянальнай структуры з характэрнымі рысамі, уласцівымі першым дзесяцігоддзям XX ст. Для яго Гомель быў аб’ектам пастаянных творчых пошукаў. Майстарм створаны эмаціянальна насычаныя, выразныя, буйнамаштабныя архітэктурныя творы, якія па-сапраўднаму ўпрыгожылі Гомель. Назавём хаця б некаторыя з іх. Акрамя мужчынскай гімназіі, гэта будынкі аддзяленняў Арлоўскага (рог вуліц Савецкай-Першамайскай) і Віленскага банкаў (рог вуліц Савецкай-Сялянскай). Знешне розныя, банкі мелі шмат агульных рыс: зрэзаныя вуглавыя часткі абодвух будынкаў выходзілі на перакрыжаванне вуліц, фланкіраваліся порцікамі з калонамі, завяршаліся купаламі. Разруставаныя фасады багата дэкарыраваны з выкарыстаннем матываў класіцызма і мадэрна.

Сапраўдным упрыгожаннем Гомеля быў і застаецца асабняк по вул. Ірынінскай, 15, у якім зараз "Дом грамадзянскіх абрадаў". Як сведчыць дата на фігурным аттыку і ўладальніцкая манаграма ў картушы над галоўным уваходам дома, ён быў пабудаваны для знакамітага гомельскага ўрача Наўма Аляксандрава ў 1903 г. Галоўны фасад будынка багата аздоблены ляпнымі ральефамі ў духе мадэрна з элементамі гістарызма. У стылі мадэрн выкананы двухпавярховы жылы дом на рагу вуліц Баўмана-Білецкага (раней Баярская-Мільённая). Ён будаваўся ў якасці даходнай маёмасці купца К.П. Грошыкава, дзе жыллё здавалася жадаючым ўнаймы. Для такіх самых мэтаў існаваў дом, што зараз мае адрас Савецкая, 20 і які вылучаецца на фоне суседніх пабудоў раскошнай мадэрнавай ляпнінай, што любіў выкарыстовываць у сваіх працах архітэктар Шабунеўскі.

Больш стрыманы дэкор скарыстаны ім у будынках лячэбнага прызначэння: земскай бальніцы і шпіталі. Яны з,явіліся на вуліцы Князя Паскевіча падчас першай сусветнай вайны на сродкі княгіні І.І. Паскевіч. Будовы адзначаны формамі мадэрна і класіцызма і арганічна ўпісаліся ў прыбярэжную панараму з боку р. Сож, годна гарманіруючы з палацава-паркавым ансамблям. І сёння яны выкарыстоўваюцца ў якасці медыцынскіх устаноў. Гэта стары корпус бальніцы хуткай дапамогі і знаходзячыйся на рэстаўрацыі ваенны шпіталь па вул. ім. Камісарава).

У творчасці архітэктара Шабунеўскага быў вопыт дачынення да праектавання дамоў у так званым “рускім стылі”. Сюды можна аднесці Св. Нікольскую царкву Палескай чыгункі (1904 г.), якая пасля рэстаўрацыі ўвайшла ў комплекс аднайменнага мужчынскага манастыра па вул. Дз. Беднага; былы клуб запалкавай фабрыкі “Везувій” (1922 г.), цяпер – корпус аб,яднання “Гомельдрэў” на вул. Севастопальскай, 61.
Пасля рэвалюцыі С.Д. Шабунеўскі працягваў працаваць архітэктарам, праектуючы ня толькі для Гомеля, але і другіх месцаў, галоўным чынам, Клінцоў. Ён узначаліў асушэнне вядомага ў Гомелі “гарэлага балота”, дзякуючы чаму спрамілі вул. Паштовую (цяпер Перамогі) у бок чыгуначнага вакзала. Пад яго кіраўніцтвам у 1920-я гг. ішла рэстаўрацыя палаца Паскевічаў пасля пажару ў выніку Стракапытаўскага мецяжу 1919 г. Жылыя дамы, якія ўзвадзіліся па праектах архітэктара Шабунеўскага ў паслярэвалюцыйны час, адпавядалі канструктывістскім мастацкім тэндэнцыям. Адным з первых шматпавярховых будоў Гомеля з 1927 г. быў дом на вул. Пушкіна, 26, у які меў кватэры секцыйнага тыпу. А самы высокі будынак у даваенным горадзе з,явіўся ў 1931 г. Ім стаў шасціпавярховы дом для рабочых паравозавагонарамонтнага завода, так званы Дом-камуна. Доўгія калідоры з вялікай колькасццю кватэр камунальнага тыпу і агульнымі кухнямі адпавядалі тагачасным камуністычным перакананням – жыць разам, камунай. З рысамі канструктывізма, але ўжо з асобнымі добраўпарадкаванымі кватэрамі, у той самы перыяд пабудаваў С.Д. Шабунеўскі дом па пр. Леніна, 51. Ён складаецца з цэнтральнага аб,ёма і бакавых крылаў, якія ствараюць утульны ўнутраны дворык. Апошнім рэалізаваным праектам майстра быў будынак на рагу Кірава-Артылярыйскай (што бліжэй да вінзавода)…

У лютым 1931 г. С.Д. Шабунеўскі быў арыштаваны органамі АДПУ. Архітэктара абвіноўвалі ў прычыннасці да права-трацкісцкай контррэвалюцыйнай арганізацыі, у якой ён і іншыя яе члены нібыта вялі шкодніцкую дзейнасць у будаўніцтве. Пад час следства ён не прызнаў сябе вінаватым, але быў асуджаны на 10 год з адбываннем пакарання ў горадзе Кемь на Беламорканале. Тут ён і памёр у 1937 г. Поўнасцю рэабілітаваны за адсутнасцю склада злачынства ў 1989 г.

Страта Станіслава Шабунеўскага, нанесла вялікую шкоду архітэктуры не толькі Гомеля, еле і ўсёй Беларусі, створанае ж ім засталося і сёння складае каштоўную частку архітэктурнай спадчыны нашага горада.

Думаецца, што зробленае майстрам павінна быць ацэнена і аддзячана яго землякамі. На нашу думку, ёсць усе падставы надаць імя Станіслава Шабунеўскага адной з вуліц Гомеля, ушанаваць яго мемарыяльнай дошкай на адным са створаных ім жа будынкаў. А ў шэрагу скульптурных выяў клоўну, дворніку, пасажыру, радзімічу, помнік архітэктару Шабунеўскаму стаў бы самым натуральным актам аддачы даніны канкрэтнаму чалавеку, які ўнёс свой значны ўклад у стварэнне аблічча нашага горада.
 
 
Лебедзева Валянціна Міхайлаўна
(выкладчык кафедры беларускай культуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Ф. Скарыны)
 
Літвінава Таццяна Фёдараўна
(загадчык мастацкім аддзелам музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля)

Просмотров: 5722
Комментариев: 0
Другие новости по теме:

  • КАСЦЮКОЎКА СТАЛА СТАРЭЙ
  • Выстава «Герой Смаленска і Барадзіно» у рамках экспазіцыі «Вайна 1812 года ...


  • Раздел » Публикации
     

    Мы в сети

    Популярное

    Выставка «Фарфоровая пластика XVIII–XX вв.» из частно ...
    Выставка «Древо жизни»
    Выставка произведений гомельских художников к Году мира ...
    Выставка «Утраченные храмы Гомеля»
    Концертная программа «Музыка солнечных гор: Орган, Дуд ...

    Контакты Все права защищены. © 2018. Гомельский дворцово-парковый ансамбль