Музей Гомельскага палаца-паркавага ансамбля гасцінна прымае Юбілейную выставу твораў вядомага земляка - мастака Генадзя Васільевіча Говара, - якая распачала сваю працу 23 красавіка ў паўдневай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў.
Генадзь Говар - аднагодак Вялікай Перамогі. Ён нарадзіўся 23 сакавіка 1945 года ў горадзе Жлобін Гомельскай вобласці.
З'яўляецца не толькі прафесійным мастаком, сябрам Беларускага саюза мастакоў, але і паэтам, сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Яго творы графікі і жывапісу гарманічна дапаўняюць адзін аднога дзякуючы манерам выканання, загадкаваму адпавяданню выяўленчай мовы, вясёлкавасці колераў і гармоніі прапорцый выяў. Аўтар валодае арыгінальным бачаннем і непаўторнымі рашэннямі вобразатворчых тэмаў і сюжэтаў.