
"Змянялі быка на індыка" - часам можна пачуць, калі вы памыліліся ў выбары і замест лепшага атрымалі горшае. І хаця бык, вядома, большы за індыка, усё ж і апошні заслугоўвае ўвагі: гэта найвялікшая хатняя птушка, якую можна сустрэць на беларускім падвор'і. Самцы часам важаць да 30-35 кілаграмаў! Прадстаўнічасці індыку таксама дадаюць "каралы" - яркія скураныя ўтварэнні на галаве і шыі, якія выкарыстоўваюцца ў тэрмарэгуляцыі і як сродак дэманстрацыі настрою пры ўзаемаадносінах з суродзічамі, і пер'е - белага, чорнага, бронзавага колеру ў залежнасці ад пароды.
Індыкі цяжка пераносяць холад, волкасць і адсутнасць прасторы - аб гэтым належыць памятаць пры развядзенні гэтых птушак. Яшчэ яны не вельмі прыязныя адзін да аднаго, таму лепш не пасяляць у птушнік вельмі вялікую кампанію. Затое індычкі - цудоўныя квахтухі, адны з самых цярплівых сярод хатніх птушак, таму кемлівыя ўладальнікі часам падкладваюць ім яшчэ і курыныя або гусіныя яйкі для выседжвання.
У асноўным індычак вырошчваюць дзеля каштоўнага дыетычнага мяса, багатага на бялкі. Яго карысныя ўласцівасці заўважылі яшчэ карэнныя жыхары Амерыкі, якія і адамашнілі ў свой час дзікіх індычак. З Новага Свету птушка трапіла ў Еўропу праз Іспанію (адсюль састарэлая назва "іспанскія куры"). Яшчэ адно з папярэдніх найменняў індыка - "pavo indicus", літаральна - "індыйскі паўлін" (бо першапачаткова лічылі адкрытыя Калумбам прасторы Новага Свету Індыяй). Ад гэтага выразу пра паўліна і пайшла сучасная назва птушкі.
Вучым родную мову разам!