
Нашы продкі выраблялі з гліны шмат разнастайнага посуду, які адрозніваўся памерам, прызначэннем, формай, колерам, дэкорам і інш. Сёння прапануем разглядзець падрабязней гляк - ганчарны выраб, які выкарыстоўвалі для захоўвання вадкіх рэчываў.
Адметнай рысай гляка з'яуляецца тулава - вельмі круглае, часцей за ўсё падобнае на шар, і маленькае горла з дзюбкай (або без яе). Гляк мог мець адну ручку або дзве, а мог наогул падвешвацца на вяроўцы, якую прасоўвалі праз асобныя вушкі на тулаве; памеры яго вагаліся ад 0,1 да 10 літраў.
Сустракаюцца вырабы чорнага, шэрага, чорна-карычневага колеру (чорназадымленая і абварная кераміка), а таксама чырвонагліняныя глазураваныя, дэкараваныя лінейна-хвалістым арнаментам або роспісам з дапамогай ангоба - дробна змолатай белай ці каляровай гліны. Гляк меў лакальныя назвы: агляк, ляк, глёк, бунька, зелянік (апошняя паходзіла ад звычаю гатаваць у ім настоі лекавых раслін - зёлак).
Вучым родную мову разам!