Час ад часу кожны з нас, асабліва мастак, адчувае неабходнасць спыніцца, азірнуцца, асэнсаваць, што і як зроблена, каб потым рухацца далей. У гэтым плане не выключэнне і творчасць Уладзіміра Пракапцова, які на пачатку 1970-х гадоў ступіў на сцяжыну мастацтва і ідзе па ёй упэўненай хадой. Сёння гэта майстар жывапісу са сваім адметным мастацкім і філасофскім бачаннем свету, які працягвае традыцыі "Віцебскай мастацкай школы", дзе падчас навучання ў 80-х гадах атрымаў адукацыю. З 1984 года Уладзімір Пракапцоў – член Беларускага саюза мастакоў, удзельнік рэспубліканскіх выстаў і міжнародных пленэраў.
Жывапісныя творы майстра знаходзяцца ў музейных зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, музеях і галерэях Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Літвы, Нацыянальным мастацкім музеі Кітая, карпаратыўных і прыватных калекцыях.
У.І. Пракапцоў на працягу двух дзесяцігоддзяў плённа спалучае творчую, навукова-даследчую, адміністрацыйную і грамадскую дзейнасць на пасадзе генеральнага дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, ён – аўтар і куратар шматлікіх музейных праектаў, навуковых каталогаў, кніг і артыкулаў па выяўленчым мастацтве. І ў гэтым шматграннасць яго таленту як адметнай асобы нашай краіны.
Сюжэты твораў, прадстаўленых на выставе "Мая Беларусь", – розных часоў, але іх яднае любоў да роднага краю, Бацькаўшчыны, настальгія па сваёй малой Радзіме – вёсцы Жгунская Буда, што на Гомельшчыне, з бацькоўскім домам, садам, рэчкай і дрэвамі.
Экспанаты выставы належаць фондам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і асабіста Уладзіміру Пракапцову.
Уваход на выставу ўключаны ў кошт квітка на другі паверх цэнтральнай часткі палаца Румянцавых і Паскевічаў.
Куратар выставы: заг. мастацкім аддзелам Ліцвінава Таццяна Фёдараўна
тэл. (232) 70-33-40.