Да ўвагі ўсіх аматараў сучаснага мастацтва! З пачаткам новага навучальнага года ў палацы Румянцавых і Паскевічаў пачнуць свой адлік і новыя выставачныя праекты музея. Так, 4 верасня 2025 г. у 16.00 у цэнтральнай частцы палаца адбудзецца адкрыццё выставы сучаснай беларускай скульптуры «Мова формы». Яна падрыхтавана секцыяй скульптуры грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз мастакоў».
Выстава скульптуры з'яўляецца чарговым сумесным праектам музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з Беларускім саюзам мастакоў. За апошнія гады ў залах палаца Румянцавых і Паскевічаў было арганізавана мноства комплексных і персанальных выстаў, якія прадстаўляюць творчасць членаў БСМ. Яскравай праявай супрацоўніцтва музейнай установы і грамадскага аб'яднання стала правядзенне ў 2019 годзе Рэспубліканскага пленэра выяўленчага мастацтва і вялікай комплекснай выставы «Сто гадоў, сто імёнаў», прымеркаваных да 100-гадовага юбілею музея.