З 28 верасня 2016 года ў паўднёвай галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў пачала працу выстава плакату Рышарда Каі "ПЛАКАТЫ ВЕЛЬМІ ПОЛЬСКІЯ". Падчас прызентацыі адбылася сустрэча з аўтарам, які з гэтай нагоды прыехаў у Гомель з Польшчы. Гэта чарговы праект, які арганізаваны пры садзейнічанні Польскага Інстытута ў Мінску, і ў адкрыцці новай выставы прынялі удзел яго дырэктар Матэўш Адамскі і куратар праектаў Аляксей Мацюшонак.
На выставе прадстаўлены арыгінальныя плакаты цікавага польскага майстра Рышарда Каі, які працуе ў такіх разнастайных напрамках мастацтва як жывапіс і графіка, тэатральныя і оперныя пастаноўкі, графічны дызайн і дызайн інтэр'ера. Яго плакаты прыцягваюць увагу гледача вобразнай мовай знакаў і метафар, якія ўдала выкарыстоўвае аўтар. У нашай экспазіцыі яны складаюць дзве часткі: першая прысвечана найбольш вядомым польскім гарадам і мясцовасцям (з серыі "Польшча"). Другая частка - тэатральныя плакаты мастака.
Раней гэта выстава экспанавалася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску. Пазнаёміцца з творчасццю Рышарда Каі ў Гомелі можна будзе да 30 кастрычніка, набыўшы квіток на ўваход у гістарычную экспазіцыю музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.