
У лацінскай мове ёсць дзеяслоў "lustrare" - "асвятляць", "блішчаць". Ад яго ўтварылася італьянскае "lustro" - "бляск", "вотбліск". Праз нейкі час яно трапіла на польскія землі, дзе "нарадзіла" слова "lusterko", якое, у сваю чаргу, з'явілася продкам для нашага беларускага люстэрка.
Люстра (люстэрка) - гэта гладкая паверхня, якая адлюстроўвае святло і іншыя віды выпраменьвання, ствараючы малюнак аб'ектаў, якія знаходзяцца перад ёй. Першыя люстэркі з'явіліся яшчэ ў бронзавым веку. Доўгі час асноўнымі матэрыяламі для іх вырабу былі медзь, бронза, срэбра, а вядучымі тэхнікамі - шліфоўка і паліроўка. У XIII ст. пачалі ствараць люстры са шкла, але выглядалі яны вельмі незвычайна, бо працэс вырабу ажыццяўляўся наступным чынам: спачатку са шкла выдувалі шар, потым у яго залівалі для пакрыцця волава, а пасля шар разбівалі і ўжо з атрыманых асколкаў збіралі люстэрка.