_______

Разделы


Календарь

«    Октябрь 2026    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
 

Архив

Октябрь 2026 (9)
Сентябрь 2026 (26)
Август 2026 (19)
Июль 2026 (8)
Июнь 2026 (15)
Май 2026 (22)

Партнёры

 
Главная страница » Вучым родную мову разам з музеем!
Кафля 16 октября 2026
КафляКаб трохі сагрэцца ў гэтыя прыгожыя кастрычніцкія дзянькі, давайце ўявім, што мы перанесліся, напрыклад, у XIX стагоддзе, у які-небудзь утульны жылы дом і сядзім у крэсле насупраць печкі або каміна. Ды не якіх-небудзь, а прыгожа аздобленых кафляй - спецыяльным керамічным вырабам у выглядзе пліткі, тыльны бок якой мае форму румпы (адкрытай каробкі) для замацавання ў муроўцы. На мяжы XIX-XX стст. кафляная вытворчасць ў Беларусі сапраўды квітнела: на заводах, што працавалі ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, выраблялі рэльефныя паліхромныя пліткі і дэкаратыўныя медальёны з выявамі раслін, звяроў і міфалагічных істот у стылістыцы мадэрна. Беларуская кафля экспартавалася і за мяжу.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Карэц 9 октября 2026

Карэц"Пад прыглядам старшыні, які явіўся асабіста праверыць, як будуць выконваць яго ўказанне, Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі, якія прынеслі жанкі". Што ж за карэц такі трымала ў руках гераіня Івана Мележа ў рамане "Подых навальніцы"? На самой справе, вельмі простую, але зручную пасудзіну - коўш з ручкай, якім раней зачэрпвалі і ваду, і квас, і шмат чаго яшчэ. Называлі яго таксама конаўкай. Звычайна карэц вырабляўся з дрэва, але часам бываў і металічны. Вольга са старонак кнігі мерала малако, канешне ж, на вока; але цікава, што слова "карэц" на беларускіх землях у старажытныя часы таксама абазначала меру вадкасцей і сыпучых рэчываў, роўную прыкладна чвэрці бочкі - 101,6 літрам.
Лічыцца, што этымалагічна слова "карэц" звязана са словам "кара", бо большую частку ёмістасцей раней рабілі менавіта з кары або дрэва.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Картуз 2 октября 2026
КартузПрыкладна ў пачатку XIX ст. у народным побыце беларусаў з'явіўся картуз - мужчынскі галаўны ўбор з казырком, а ўжо напрыканцы стагоддзя не знайшлося б ні ў вёсцы, ні ў горадзе больш распаўсюджанай шапкі. Шылі картузы з сукна, скуры, часам, калі дазвалялі сродкі, нават з аксаміту. Аколышкі рабілі шырокімі і каляровымі; казыркі маглі быць паўкруглымі, прамымі або нахільнымі. У цэнтральных рэгіёнах беларускіх зямель картузы выпляталі з саломы, аздабляючы спераду разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі. Існаваў звычай на святы ўпрыгожваць картуз, закладаючы за аколыш жывыя кветкі. Паходзіць слова "картуз" з галандскай мовы, дзе мае значэнне "дарожная шапка".

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Ігрышча 25 сентября 2026
ІгрышчаНайбольш цікавым у беларускім слове "ігрышча" з'яўляецца тое, што яно не мае ніякага дачынення да дзіцячага баўлення часу. Ігрышчы ў традыцыйнай культуры - гэта забаўкі для дарослых, часцей за ўсё - для моладзі шлюбнага ўзросту (але ўдзельнічалі таксама і старэйшыя мужчыны і жанчыны). Гэта вясёлыя, шумныя народныя зборышчы, якія суправаджаліся тэатралізацыямі, хаджэннямі пераапранутых, танцамі, спевамі, гульнямі і карагодамі. Часам такія зборы зваліся таксама "вечарыны" або "вячоркі" і ладзіліся ў пэўныя перыяды, напрыклад, на Каляды. Месцам правядзення ігрышчаў магла быць спецыяльна абраная дзеля гэтай падзеі хата або карчма. Лічыцца, што ігрышчы бяруць свой пачатак яшчэ ў дахрысціянскі час, дзе яны выступалі важнымі этапамі каляндарна-абрадавага цыклу і рытуальнай сацыялізацыі. Некаторыя з іх ("Жаніцьба Цярэшкі", "Ката пячы", Купалле) захаваліся ў пэўнай форме да нашых дзён, з'яўляючыся жывымі элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Вучым родную мову разам!

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Індык 18 сентября 2026
Індык"Змянялі быка на індыка" - часам можна пачуць, калі вы памыліліся ў выбары і замест лепшага атрымалі горшае. І хаця бык, вядома, большы за індыка, усё ж і апошні заслугоўвае ўвагі: гэта найвялікшая хатняя птушка, якую можна сустрэць на беларускім падвор'і. Самцы часам важаць да 30-35 кілаграмаў! Прадстаўнічасці індыку таксама дадаюць "каралы" - яркія скураныя ўтварэнні на галаве і шыі, якія выкарыстоўваюцца ў тэрмарэгуляцыі і як сродак дэманстрацыі настрою пры ўзаемаадносінах з суродзічамі, і пер'е - белага, чорнага, бронзавага колеру ў залежнасці ад пароды.
Індыкі цяжка пераносяць холад, волкасць і адсутнасць прасторы - аб гэтым належыць памятаць пры развядзенні гэтых птушак. Яшчэ яны не вельмі прыязныя адзін да аднаго, таму лепш не пасяляць у птушнік вельмі вялікую кампанію. Затое індычкі - цудоўныя квахтухі, адны з самых цярплівых сярод хатніх птушак, таму кемлівыя ўладальнікі часам падкладваюць ім яшчэ і курыныя або гусіныя яйкі для выседжвання.
У асноўным індычак вырошчваюць дзеля каштоўнага дыетычнага мяса, багатага на бялкі. Яго карысныя ўласцівасці заўважылі яшчэ карэнныя жыхары Амерыкі, якія і адамашнілі ў свой час дзікіх індычак. З Новага Свету птушка трапіла ў Еўропу праз Іспанію (адсюль састарэлая назва "іспанскія куры"). Яшчэ адно з папярэдніх найменняў індыка - "pavo indicus", літаральна - "індыйскі паўлін" (бо першапачаткова лічылі адкрытыя Калумбам прасторы Новага Свету Індыяй). Ад гэтага выразу пра паўліна і пайшла сучасная назва птушкі.
Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Імбрык 11 сентября 2026

ІмбрыкНават калі вы не ведаеце слова "імбрык", то саму рэч, што яно абазначае, вы дакладна маеце і выкарыстоўваеце амаль кожны дзень. Бо імбрык - гэта невялічкая кухонная прылада для заварвання гарбаты ці іншых напояў у гарачай вадзе. Нягледзячы на надзвычайную разнастайнасць існуючых форм, матэрыялаў, колераў і спосабаў дэкору, усе імбрыкі маюць больш-менш агульную арганізацыю: тулава, часам з сітцам унутры, у якое закладаюць лісце гарбаты; вечка (але ёсць таксама экзэмпляры без яго), ручку і носік, праз які наліваюць напой.
Лічыцца, што першыя імбрыкі з'явіліся ў Кітаі. Шырока вядомыя невялічкія пасудзіны з адмысловага сорта порыстай гліны, якая здабывалася ў гарадку Ісін: яны масава вырабляліся ў пачатку праўлення дынастыі Мін (2-я палова XIV ст.) у сувязі з распаўсюджваннем традыцыйнага спосабу прыгатавання гарбаты.
З цягам часу культура чаявання ў Кітаі дасягнула небывалага росквіту, і разам з ёй - майстэрства вырабу імбрыкаў, якія пераўтварыліся з простых прыкладных рэчаў у творы мастацтва з глыбокай сімволікай, кананічымі формамі і эстэтычнай адметнасцю. З Кітая ў XVII ст. імбрыкі трапілі ў Еўропу, дзе спачатку з'яўляліся прадметамі раскошы. Адкрыццё і пачатак прамысловай вытворчасці еўрапейскага фарфора дазволілі крыху большай колькасці дамоў мець на стале гэты зручны і прыгожы посуд. Адначасова выпускаліся імбрыкі з больш танных матэрыялаў - метала, волава.
У XIX ст. ужо цяжка было ўявіць кухню без імбрыка.
Цікава, што ў нашу мову слова "імбрык" трапіла праз польскую з турэцкай, куды, у сваю чаргу, яно прыйшло праз арабскую з персідскай мовы. Вось такое доўгае падарожжа!

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Імша 4 сентября 2026

ІмшаЗ лацінскай (missa) праз польскую (msza) у беларускую мову прыйшло слова "імша". Яно абазначае цэлебрацыю (афіцыйнае здзяйсненне абрадаў пад кіраўніцтвам адпаведнага служыцеля) сакрамэнту Еўхарыстыі - галоўную літургію ў каталіцкім касцёле. Еўхарыстыя, устаноўленая, паводле біблейскай гісторыі, самім Ісусам Хрыстом падчас Апошняй Вячэры, з'яўляецца падзякай Збавіцелю за ахвяру, прынесеную дзеля выратавання свету. Абрады імшы пачалі складацца яшчэ ў апостальскія часы (І ст. н. э.). Яе парадак уключае наступныя часткі: уступныя абрады, літургію слова, еўхарыстычную літургію, абрады заканчэння. Асноўнай мовай імшы застаецца лацінская, але па выніках Другога Ватыканскага Сабора (1962 - 1965 гг.) цэлебрацыю дазваляецца праводзіць таксама і на нацыянальных мовах.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Запіна 31 августа 2026

ЗапінаАдным з цікавых элементаў неглюбскага традыцыйнага комплекса жаночага аддзення, аднаго з найбольш складаных і старажытных у Беларусі, з'яўляецца запіна (запінка) - тып нагруднага фартуха. Яе шылі са шчыльнага белага тканага палатна ў дробны папярочны рубчык або з глыбокім рэльефным малюнкам, які спалучае розныя па памеры квадраты і прастакутнікі. Упрыгожвалі запіну вузкімі арнаментальнымі палосамі, вышыўкай, вязанымі карункамі. Краі таксама аздаблялі махрамі, выкананымі ў тэхніцы вузельчыкавага пляцення, або пяцельнымі махрамі. Насілі запіну паверх кашулі замест гарсэту, які з'явіўся значна пазней.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Забаўка 21 августа 2026

ЗабаўкаНа мінулым тыдні мы ўзгадвалі зыбку, у якой калыхаюць немаўлятак, каб ім лепш спалося, а сёння распавядзем крыху пра тое, што займала дзіця па-за межамі сна: дакладней, пра цацку, ляльку, або, як яе яшчэ называлі, - забаўку. На першы погляд, рэч вельмі простая: забаўкі звычайна рабілі самастойна з драўляных цурак, саломы, кудзелі, кары, шышак, жалудоў, адрэзкаў тканін і іншых спадручных матэрыялаў. Але на самой справе лялька-забаўка - гэта цэлы свет у мініяцюры: у ёй зашыфраваны стан грамадства, сістэма адносінаў у ім, маральныя якасці і эстэтычныя патрабаванні, своеасаблівасць мастацкай культуры. Менавіта праз гульню з забаўкай маленькі чалавек знаёміцца і далучаецца да сацыяльнага асяроддзя, у якім будзе праходзіць яго далейшае жыццё. Змяшчаць велізарныя сэнсы ў невялічкую забаўку пачалі яшчэ нашы продкі: найбольш старажытная гліняныя цацкі адносяцца да неаліту. У той час яны выконвалі таксама і рытуальную функцыю. Пазней, з развіццём ганчарства, выраб гліняных забавак набыў рамесніцкі размах. Стваралі фігуркі людзей, свістулькі ў выглядзе звяроў і птушак, бразготкі (пустацелыя шарыкі з каменьчыкамі ўнутры), якія часам упрыгожвалі карычневай, жоўтай, зялёнай або празрыстай палівай.

Шырока распаўсюджанымі ў народным побыце былі таксама драўляныя забаўкі, адметнай рысай якіх была імітацыя руху: "Кавалі", "Коннікі", "Кураняты дзяўбуць зерне" і інш. На мяжы XIX - XX стст. такія лялькі вырабляліся масава і прадаваліся на кірмашах.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Завіруха 7 августа 2026

ЗавірухаУ гэтыя спякотныя жнівеньскія дні неяк самі сабой прыходзяць думкі аб зіме - белай, пухнатай, бліскучай, з марозным паветрам, якое адзіным крананнем пакідае ружы на шчоках і смешна фарбуе насы ў чырвоны колер. Таму сёння беларускім словам тыдня будзе, як ні дзіўна, завіруха - адна з назваў мяцеліцы. Уявіце сабе імклівы, нястрымны танец мільёнаў зорак першародначыстага снегу ў завітках ветру - і адразу нібы вее свежасцю, і дыхаецца лягчэй.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
 

Мы в сети

Популярное

• Выставка «Благо приносящие. Искусство Кореи»
• Выставка «Клоуны: история одной коллекции»
• Фильм "Неизвестный абонент"
• Историко-краеведческий выставочный проект «Моя Гомельщи ...
• Выставка «Знаковая пластина. К 100-летию открытия Берды ...

Контакты Все права защищены. © 2018. Гомельский дворцово-парковый ансамбль
Политика в отношении обработки персональных данных
Политика видеонаблюдения