_______

Разделы


Календарь

«    Октябрь 2026    »
ПнВтСрЧтПтСбВс
 
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
 

Архив

Октябрь 2026 (9)
Сентябрь 2026 (26)
Август 2026 (19)
Июль 2026 (8)
Июнь 2026 (15)
Май 2026 (22)

Партнёры

 
Главная страница » Вучым родную мову разам з музеем!
Жорны 31 июля 2026

ЖорныАдно з маленькіх цудаў паўсядзённасці - з'яўленне на стале духмянага гарачага хлеба - яшчэ колькі гадоў таму было б немагчыма без жорнаў, або ручнога млыну. Гэта прылада для памолу зерня складалася з двух дыскаў дыяметрам 35-50 см і таўшчынёю 10-15 см, пастаўленых адзін на аднаго ў скрынку або станок, але існавалі і больш складаныя канструкцыі: з дыскамі памерам да 70 см, з якіх ніжні быў цяжэйшы і нерухомы, а верхні - лягчэйшы, з адтулінай пасярэдзіне для засыпкі зерня; такія жорны мелі спецыяльны механізм, які прыводзіў іх у рух і дазваляў рэгуляваць мліва. Жорны рабіліся або з камянёў (граніту, пясчаніку), з насечкамі на рабочай паверхні для лепшага размолу, або з дубовых калодак, на якія набіваліся кавалачкі жалеза або чыгуну. Ручны млын з'яўляўся неад'емнай прыналежнасцю сялянскай гаспадаркі (бо памол на старане каштаваў дзесятую частку ад прывезенага зерня) і стаяў звычайна ў сенцах, радзей - у хаце. Выкарыстоўваліся жорны ажно да 50-х гадоў мінулага стагоддзя.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Жабрак 24 июля 2026
ЖабракБыць жабраком - гэта значыць існаваць за кошт ахвяраванняў ды міласці. Беднасць, войны, эпідэміі, неўраджаі і іншыя ўзрушэнні спрыялі ў мінулым прытоку ў гэты стан беззямельных і збеглых сялян, гарадскога плебсу, калек ("уломных"), хворых, сірат, старых і іншых. Акрамя прыватных асоб, апеку над жабракамі трымалі цэрквы, рэлігійныя брацтвы, рамесныя цэхі і іншыя аб'яднанні: за іх кошт утвараліся шпіталі, начлежкі, раздавалася міласціна падчас святаў і ўрачыстасцяў. У XVI-XVIII ст. пры гарадскіх магістратах існавалі спецыяльныя службовыя чыны - "старасты калецкія", якія складалі рэестры жабракоў і сачылі за іх жыццем. У некаторых гарадах беларускіх зямель жабракі ўтваралі ўласныя цэхі або братствы, часам са статутамі, органамі самакіравання і сакрэтнымі (умоўнымі) мовамі. Жабраваць маглі не толькі гаротнікі, але і вандроўнікі: рамеснікі, студэнты, манахі, якіх чалавечая дабрыня адорвала часам бясплатным начлегам, харчамі або грашыма.
У традыцыйнай беларускай культуры да жабракоў ставіліся неадназначна. На ранніх этапах існавала тэндэнцыя сакралізацыі жабракоў, бо яны здаваліся вельмі блізкімі да Хрыста па ладзе жыцця. Іх звалі старцамі, дзядамі - таксама, як і продкаў; лічылася, што жабракі здольныя хадзіць на той свет і кантактаваць з памерлымі, таму ім перадавалі рэшткі памінальнай вячэры на Дзяды і Радаўніцу, а таксама рэчы, што забылі пакласці ў труну нябожчыка падчас пахавання. Нельга было адмовіць жабраку ў хлебе, бо гэта стварала пагрозу будучаму дабрабыту. Хлебныя кавалачкі, што некаторы час былі ў жабракоў, маглі выкарыстацца як лекі для хворых дамашніх жывёлін. Распаўсюджанымі ў фальклоры матывамі з'яўляюцца сюжэт пра вандруючага Бога, які пад выглядам жабрака ходзіць сярод людзей і адорвае або карае іх ў адпаведнасці з іх адносінамі і ўчынкамі, і павер'і пра «старэцкія спадкі» - назапашаныя старцам каштоўнасці, якія ён захоўваў у давераных асоб "на чорны дзень".
На позніх этапах традыцыйнай культуры сакралізацыя жабракоў паступова саступае месца негатыўнаму стаўленню да беднасці, няздольнасці да працы, маргінальнага статусу гэтай сацыяльнай групы.
Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Жужаль 17 июля 2026
ЖужальАрхеалагічныя знаходкі важна разглядаць у комплексе і дэталях. Часам самы незразумелы на першы погляд прадмет можа аказацца неабходным звяном для інтэрпрэтацыі тых ці іншых аб'ектаў, вызначэння характару заняткаў насельніцтва на пэўным часовым адрэзку. Адным з такіх прыкладаў з'яўляецца жужаль (шлак). Гэта пабочны прадукт або адход пры плаўцы металаў. Знаходкі жужаля пры археалагічных даследаваннях сведчаць пра наяўнасць металургічнай вытворчасці. На тэрыторыі Беларусі вытворчасць жалеза вядома з сярэдзіны I тыс. да н.э. па матэрыялах раскопак помнікаў мілаградскай археалагічнай культуры (гарадзішчы Мохаў і Гарошкаў у Лоеўскім і Рэчыцкім раёнах суадносна). Сыравінай для яго выступалі мясцовыя балотныя і лугавыя руды. А сам працэс павязаны з плаўкай гэтых кампанентаў у гліняных печах-домніцах, дзе палівам выступаў дравесны вугаль. Жужаль утвараецца з пустой пароды руды і флюсаў. У печы ён плавіцца і ўсплывае на паверхню вадкага металу, выконваючы ахоўную ролю, а пасля застывання выглядае як шклопадобная ці каменепадобная маса. На тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гомеля сёння, дзякуючы археалагічным даследаванням пад кіраўніцтвам А. А. Макушнікава, вядомыя два самыя раннія вытворчыя ўчасткі, звязаныя з чорнай металургіяй. Яны размяшчаліся на краях тэрасы з боку яра рэчкі Гамяюк і Кіеўскага спуску. Комплексы адносяцца да перыяда V-VII стст.
Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Елка 10 июля 2026
ЕлкаУсім нам вядомае з дзяцінства вечназялёнае дрэва, якое з'яўляецца сёння абавязковым атрыбутам святкавання Новага года і Калядаў - елка. Менавіта яе мы па традыцыі ўпрыгожваем разнастайнымі цацкамі, гірляндамі і агеньчыкамі. Але ж у традыцыйнай беларускай культуры елка грала асаблівую ролю і асацыявалася не толькі з зімовымі святамі. У балта-славянскай традыцыі елка лічыцца дрэвам, звязаным са светам памерлых. Таму яе галінкі і сёння выкарыстоўваюцца ў пахавальным абрадзе - з іх робяць вянкі, іх кідаюць на дарогу да могілак і г.д. Бо вечназялёнае дрэва асацыюецца з вечнасцю жыцця. Пры гэтым елку забараняецца садзіць блізка ля хаты, каб яна не "прыцягвала" смерць у дом. Елка займала значнае месца і ў вясельным абрадзе беларусаў. Маладая з дружкамі ўпрыгожвалі яе ў зборную суботу папяровымі кветкамі, стужкамі, цукеркамі. Невялікае дрэўца, яго вершаліну або галінку ўторквалі ў каравай ці ставілі на спецыяльную падстаўку. Да таго ж у вядомай неглюбскай ткацкай традыцыі да сённяшняга дня захаваўся арнамент "елка", які ткуць на вясельных ручніках. На Палессі елку ўпрыгожвалі на Масленіцу. А на Вадохрышча ёю абтыкалі палонку, у якой асвячалася вада; лапкі яловых галінак падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят, а ўтыркнутыя ў страху галінкі вадохрышчанскіх елак засцерагалі хату ад удару Перуна. Лічылася, што ў елку ніколі не біў Пярун, таму падчас навальніцы трэба хавацца менавіта пад яе. Па хрысціянскай легендзе, калі слугі цара Ірада хацелі забіць немаўля Хрыста, то Божая Маці схавала яго пад елку, якая сама апускала сваё галлё, каб прыкрыць дзіця. За гэта Бог асвяціў дрэва і прызначыў заўжды яго ставіць у хаце або класці за абразы на Каляды і Вялікдзень.
Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Епітрахіль 6 июля 2026

ЕпітрахільУ багатым зборы музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля захоўваюцца і некаторыя прадметы аблачэння святароў, якія носяць складаныя, цікавыя назвы. Прапаноўваем сёння даведацца пра адзін з такіх прадметаў. Размова пойдзе пра епітрахіль. Слова гэтае паходзіць з грэчаскай мовы і перакладаецца як "тое, што вакол шыі".
Епітрахіль з'яўляецца адной з важнейшых і абавязковай часткай богаслужэбнага аблачэння хрысціянскага святара і архіерэя. Яна ўяўляе сабой доўгую стужку (як правіла, расшытую), якая абводзіцца вакол шыі і абодвума канцамі спускаецца на грудзі. Спераду яна сшыта або замацавана гузікамі, ускладаецца паверх падрызніка або расы. Нашэнне епітрахілі святаром азначае, што ён можа быць не толькі служыцелем, але і ажыццяўляць Святыя Таінствы Царквы.
Сам тэрмін епітрахіль упершыню сустракаецца ў VIII ст.: ён зафіксаваны ў візантыйскім літургічным тлумачэнні, вядомым пад назвай «Царкоўная гісторыя», дзе гэтаму прадмету адзення ўпершыню даецца сімвалічнае тлумачэнне: епітрахіль супастаўляецца з ланцугамі, якія былі ўскладзены на шыю Хрыста, калі яго вялі на распяцце.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Дзяды 26 июня 2026
ДзядыАдметнай рысай беларускага народа заўсёды з'яўлялася павага да сваіх продкаў, да сваіх каранёў. Шанаванне памерлых, святкаванне дзён памяці родных - неад'емная частка нашай культуры. У беларусаў душы памерлых продкаў, народны памінальны абрад, а таксама рытуальная вячэра, падрыхтаваная да абраду, называюцца "Дзяды". Паходзяць Дзяды ад дахрысціянскага ўсходне-славянскага звычаю трызны і звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысціянскай культуры. Важна, што Дзяды прысвечаны ўшанаванню ўсіх продкаў ("дзядоў"), у адрозненні ад каляндарных індывідуальных памінак, што адлічваюць ад дня смерці. Дзяды спраўляюць да 6 разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці). Абавязковымі лічацца Дзяды на Радаўніцу, а таксама перад Масленіцай і Сёмухай. Галоўнымі ж былі і застаюцца Восеньскія (Дзмітраўскія) Дзяды - асяніны, што адзначаліся перад Дзмітравым днём (26 кастрычніка / 8 лістапада). У дзяржаўным календары Беларусі Дзень памяці афіцыйна ўстаноўлены 2 лістапада.
Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Дыван 19 июня 2026
ДыванБеларускі дыван - гэта ні ў якім разе не мэбля, але пасядзець на ім магчыма: калі ён, напрыклад, ляжыць на падлозе або засцелены на ложак (посцілка). Але найчасцей дываны ўсе ж такі прыбіваліся да сцяны - так яны і ўпрыгожвалі, і ўцяплялі жыллё. Дыван - гэта тканы (радзей вышываны, вязаны) выраб з воўны, бавоўны, лёну або шоўку. На беларускіх землях дыванаткацтва вядома яшчэ з часоў Старажытнай Русі: існавалі ткацкія цэхі ў гарадах, ткацкія майстэрні пры маёнтках і манастырах. Таму і кампазіцыі, і тэхнікі, і колеравыя схемы былі дасканала распрацаваны: выкарыстоўвалі пераборнае і падвойнае ткацтва, геаметрычныя і стылізаваныя раслінныя арнаметы. Самыя прыгожыя дываны, найчасцей з пэўнымі сюжэтамі ў малюнку (выявамі хлопца і дзяўчыны, птушак, дрэва жыцця) выкарыстоўвалі падчас вясельных абрадаў.


Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Дудка 12 июня 2026
ДудкаДудка - просты, але такі блізкі сэрцу кожнага беларуса музычны інструмент! Нашым продкам яна была знаёмая аж з 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Рабіліся традыцыйныя дудкі з розных парод дрэў - з клёну, сасны, ліпы, крушыны, арэшніку, ясеню. Знешне гэты інструмент нагадвае флейту - таксама доўгая трубка з 5-8 бакавымі ігравымі адтулінамі-галаснікамі, да таго ж уладкаваная свістковым прыстасаваннем у верхнім канцы. Дудка на беларускіх прасторах мела шмат лакальных назваў (жалейка, пішчэлка, сапёлка, свірасцелка, шасцяруха), а агульная любоў да яе абумовлівалася, у першую чаргу, яе прыгожым, часам мяккім і павольным, а часам моцным і звонкім, гучаннем, якое нагадвала спевы птушак.

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Дзьмухавец 5 июня 2026

ДзьмухавецЯк толькі пачынае прыграваць вясновае сонейка, яны з'яўляюцца і абсыпаюць сабою ўсю зямлю - як вяснушкі твар. Гэтыя маленькія кветачкі і самі падобныя да сонейка - круглыя, яркія, зіхатлівага жоўтага колеру, з пухнатымі пялёсткамі-праменьчыкамі, і ад аднаго погляду на іх становіцца цёпла і радасна.
Ёсць у іх і іншая выява: рыхтуючыся рассеяцца на наступны год, яны прымаюць форму серабрыста-белых шарыкаў, якія нагадваюць месяц, такіх мяккіх і паветраных, што проста немагчыма ўтрымацца, каб не дунуць на іх, адпраўляючы дзясяткі "парашутыстаў" у палёт у пошуках новых тэрыторый рассялення. Вось гэтае самае жаданне дзьмухнуць і падарыла кветцы назву ў нашай роднай мове - "дзьмухавец".
Дзьмухаўцы ўсім нам знаёмыя з дзяцінства: гэтыя непатрабавальныя кветкі растуць усюды ў вялікай колькасці, і з імі вельмі весела гуляць - плесці вянкі і гірлянды, а з полых сцяблінак, падзяляючы іх на палоскі, ствараць лялячак і рабіць ім разнастайныя прычоскі. Пры гэтым не ўсе ведаюць, што дзьмухаўцы дапамагаюць арыентавацца ў часе (раскрываюцца а 6 раніцы і закрываюцца а 15 дня) і надвор'і (зачыняюцца перад дажджом), могуць разнастаіць меню (з лісця робяць салаты, з абсмаленых каранёў - напой, падобны на каву, а з кветак - варэнне, віно і нават піва) і выкарыстоўваюцца ў народнай медыцыне (пры захворваннях лёгкіх, жоўцевага пузыра і нават пры ўкусах пчол). А яшчэ карані гэтай расліны дасягаюць у даўжыню 3 метраў, сцеблы вырастаюць на 10 см у суткі, а адно суквецце здольна даць да 200 адзінак насення.
Дзьмухавец - сапраўдны сімвал жыццеўстойлівасці і вынослівасці!

Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
Грыўня шыйная 29 мая 2026
Грыўня шыйнаяЦі ведаеце вы, што ў стараславянскай мове «грыва» - зусім не доўгія валасы на галаве і шыі некаторых жывёл, а ўласна «шыя, патыліца»? Гэта старажытнае слова падарыла назву грыўні - шыйнаму ўпрыгожванню ў выглядзе абруча. Падобнага роду аксэсуары, названыя па-рознаму, былі вядомыя з бронзавага веку і папулярныя ў шматлікіх народаў тэрыторый Еўропы, Блізкага і Сярэдняга Усходу, прытым насіць іх маглі як мужчыны, так і жанчыны; гэта было статуснае ўпрыгожванне, і ў некаторых этна-сацыяльных групах яно з'яўлялася часткай пахавальнага касцюма. У старажытных славян шыйныя ўпрыгожванні-абручы называліся грыўнямі. Ствараліся са срэбра, медных сплаваў, радзей з жалеза. У залежнасці ад спосабу вырабу грыўні адрозніваліся знешнім выглядам: пласціністыя (плоскія), упрыгожаныя арнаментамі ў выглядзе насечак, ромбаў, «елачак»; дротавыя тардаваныя (з папярэдне нагрэтага і перакручанага да ўтварэння спіральнай разьбы прута), вітыя (з некалькіх стрыжняў, перакручаных разам) і інш. Афармленне канцоў грыўняў таксама вар'іравалася: яны маглі быць растуленыя або заходзіць адзін за аднаго, маглі быць загнутымі ў выглядзе аплікаў або выкананымі ў форме зашпількі (адтуліна на адным канцы і «гузік»-выпукласць на другім). Часам у грыўнях прароблівалі невялікія адтуліны, каб дадаткова ўпрыгожваць іх разнастайнымі прывескамі.
Раздел » Вучым родную мову разам з музеем!
 

Мы в сети

Популярное

• Выставка «Благо приносящие. Искусство Кореи»
• Выставка «Клоуны: история одной коллекции»
• Фильм "Неизвестный абонент"
• Историко-краеведческий выставочный проект «Моя Гомельщи ...
• Выставка «Знаковая пластина. К 100-летию открытия Берды ...

Контакты Все права защищены. © 2018. Гомельский дворцово-парковый ансамбль
Политика в отношении обработки персональных данных
Политика видеонаблюдения