
Каму ж не падабаецца атрымліваць гасцінцы - пачастункі ці падарункі ад родных або знаёмых, калі тыя завіталі ў госці? Цікава, што, каб патрапіць кудысьці і ўручыць гасцінец, раней - а часам і цяпер - трэба было праехаць па...гасцінцы! Бо першапачаткова гэтае слова азначала вялікі, упарадкаваны шлях (тракт, бальшак).
Гасцінцы на беларускіх землях вядомыя з часоў ранняга сярэднявечча, іх ўзнікненне было абумоўлена самім жыццём: яны звязвалі буйныя гарады, густанаселеныя рэгіёны, цэнтры прамысловай вытворчасці і ў залежнасці ад прызначэння падзяляліся на гандлёвыя, паштовыя і прасёлачныя. Велізарная роля гасцінцаў у эканамічным жыцці краю, ваенных падзеях, адміністрацыйных сувязях, культурным абмене надавала патрэбам іх стварэння і паляпшэння галоўнае значэнне.
Буйныя шляхі будаваліся за кошт казны і мясцовых улад з актыўным удзелам насельніцтва. Гасцінцы з інтэнсіўным рухам былі шырокія (да 15 метраў), абсаджаныя дрэвамі па абодвух баках, часам нават брукаваныя; уздоўж іх размяшчаліся паштовыя станцыі, мытніцы, пастаялыя двары і корчмы.
Паходзіць слова "гасцінец" ад слова "госць", якое ў старажытныя часы азначала не толькі тых, хто едзе з візітам, але і наогул вандроўнікаў, а таксама купцоў.
Вучым родную мову разам!