
Ці памятае хто з вас, як цікава і захапляльна было, трапіўшы ўлетку ў вёску да бабулі, адчыніць яе вялізны куфар і зазірнуць у яго, нібыта ў скарбніцу? Дык і чым то была не скарбніца, калі масіўная драўляная скрыня захоўвала ў сабе і разнастайныя тканіны, і святочнае аддзенне, і найлепшую бялізну, і новы абутак, і шмат якія іншыя каштоўнасці?
Куфар - часцей за ўсё прамавугольная невысокая ёмістасць з адкідным векам - вядомы яшчэ са старажытных часоў. У сярэднявеччы ён выкарыстоўваўся і як стол, і як лава, і як ложак, і як сховішча для розных рэчаў у магнацкіх і мяшчанскіх маёнтках. Куфар - гэта "бацька" сучаснай шафы; у сваю чаргу, сам ён з'яўляецца пераемнікам кубела, цыліндрычнага вырабу з дрэва, які быў распаўсюджаны ў сялянскім асяроддзі беларускіх зямель да XIX ст.