
Каб трохі сагрэцца ў гэтыя прыгожыя кастрычніцкія дзянькі, давайце ўявім, што мы перанесліся, напрыклад, у XIX стагоддзе, у які-небудзь утульны жылы дом і сядзім у крэсле насупраць печкі або каміна. Ды не якіх-небудзь, а прыгожа аздобленых кафляй - спецыяльным керамічным вырабам у выглядзе пліткі, тыльны бок якой мае форму румпы (адкрытай каробкі) для замацавання ў муроўцы. На мяжы XIX-XX стст. кафляная вытворчасць ў Беларусі сапраўды квітнела: на заводах, што працавалі ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, выраблялі рэльефныя паліхромныя пліткі і дэкаратыўныя медальёны з выявамі раслін, звяроў і міфалагічных істот у стылістыцы мадэрна. Беларуская кафля экспартавалася і за мяжу.