Саксонскі каўнер, аксамітка, склаваж, чокер - упрыгожванні ў выглядзе кароткіх, шчыльна прылеглых да шыі караляў вядомыя чалавецтву не адно тысячагоддзе і перыядычна ўваходзяць у моду ў розных краінах і кутках свету. Модныя тэндэнцыі не абышлі і беларускія землі: у брагінскім строі ў другой палове XIX - пачатку XX стагоддзя атрымалі шырокае распаўсюджванне створаныя з рознакаляровага бісера, лавачкі, лучкі, а ў неглюбскім - пляцёнкі, падгорнікі, гарлячкі.
Матэрыялы для стварэння гарлячкі ўключалі трывалую ільняную нітку-аснову і шкляны бісер - першапачаткова чорнага і белага колеру, пазней да іх дадаўся чырвоны. Плеценая частка ўпрыгожвання ахоплівала альбо ўсю акругласць шыі, альбо пярэднюю яе частку і часцей за ўсё ўзнаўляла рамбічны арнамент "варонне вока", хаця сустракаліся і іншыя - "павукі", "казелчыкі", "глушкі". Гарлячкі плялі і насілі жанчыны рознага ўзросту і сацыяльнага статусу.
Цяпер гарлячка перажывае свой рэнесанс, усё часцей выступаючы ў якасці яркага акцэнту ў модных вобразах. Яе каляровая палітра стала значна багацейшай, як і кампазіцыйная лінія адлюстраваных у бісеры ўзораў: кветкі, птушкі, звяры, разнастайныя камбінацыі з геаметрычных фігур і элементы беларускіх арнаментаў ва ўсёй іх неабсяжнай разнастайнасці.