
Прыкладна ў пачатку XIX ст. у народным побыце беларусаў з'явіўся картуз - мужчынскі галаўны ўбор з казырком, а ўжо напрыканцы стагоддзя не знайшлося б ні ў вёсцы, ні ў горадзе больш распаўсюджанай шапкі. Шылі картузы з сукна, скуры, часам, калі дазвалялі сродкі, нават з аксаміту. Аколышкі рабілі шырокімі і каляровымі; казыркі маглі быць паўкруглымі, прамымі або нахільнымі. У цэнтральных рэгіёнах беларускіх зямель картузы выпляталі з саломы, аздабляючы спераду разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі. Існаваў звычай на святы ўпрыгожваць картуз, закладаючы за аколыш жывыя кветкі. Паходзіць слова "картуз" з галандскай мовы, дзе мае значэнне "дарожная шапка".