
Быць жабраком - гэта значыць існаваць за кошт ахвяраванняў ды міласці. Беднасць, войны, эпідэміі, неўраджаі і іншыя ўзрушэнні спрыялі ў мінулым прытоку ў гэты стан беззямельных і збеглых сялян, гарадскога плебсу, калек ("уломных"), хворых, сірат, старых і іншых. Акрамя прыватных асоб, апеку над жабракамі трымалі цэрквы, рэлігійныя брацтвы, рамесныя цэхі і іншыя аб'яднанні: за іх кошт утвараліся шпіталі, начлежкі, раздавалася міласціна падчас святаў і ўрачыстасцяў. У XVI-XVIII ст. пры гарадскіх магістратах існавалі спецыяльныя службовыя чыны - "старасты калецкія", якія складалі рэестры жабракоў і сачылі за іх жыццем. У некаторых гарадах беларускіх зямель жабракі ўтваралі ўласныя цэхі або братствы, часам са статутамі, органамі самакіравання і сакрэтнымі (умоўнымі) мовамі. Жабраваць маглі не толькі гаротнікі, але і вандроўнікі: рамеснікі, студэнты, манахі, якіх чалавечая дабрыня адорвала часам бясплатным начлегам, харчамі або грашыма.
У традыцыйнай беларускай культуры да жабракоў ставіліся неадназначна. На ранніх этапах існавала тэндэнцыя сакралізацыі жабракоў, бо яны здаваліся вельмі блізкімі да Хрыста па ладзе жыцця. Іх звалі старцамі, дзядамі - таксама, як і продкаў; лічылася, што жабракі здольныя хадзіць на той свет і кантактаваць з памерлымі, таму ім перадавалі рэшткі памінальнай вячэры на Дзяды і Радаўніцу, а таксама рэчы, што забылі пакласці ў труну нябожчыка падчас пахавання. Нельга было адмовіць жабраку ў хлебе, бо гэта стварала пагрозу будучаму дабрабыту. Хлебныя кавалачкі, што некаторы час былі ў жабракоў, маглі выкарыстацца як лекі для хворых дамашніх жывёлін. Распаўсюджанымі ў фальклоры матывамі з'яўляюцца сюжэт пра вандруючага Бога, які пад выглядам жабрака ходзіць сярод людзей і адорвае або карае іх ў адпаведнасці з іх адносінамі і ўчынкамі, і павер'і пра «старэцкія спадкі» - назапашаныя старцам каштоўнасці, якія ён захоўваў у давераных асоб "на чорны дзень".
На позніх этапах традыцыйнай культуры сакралізацыя жабракоў паступова саступае месца негатыўнаму стаўленню да беднасці, няздольнасці да працы, маргінальнага статусу гэтай сацыяльнай групы.