 |
_______ |
 |
 |



|  |
|
 |
Кафля |
16 октября 2026 |
 |
 |
 Каб трохі сагрэцца ў гэтыя прыгожыя кастрычніцкія дзянькі, давайце ўявім, што мы перанесліся, напрыклад, у XIX стагоддзе, у які-небудзь утульны жылы дом і сядзім у крэсле насупраць печкі або каміна. Ды не якіх-небудзь, а прыгожа аздобленых кафляй - спецыяльным керамічным вырабам у выглядзе пліткі, тыльны бок якой мае форму румпы (адкрытай каробкі) для замацавання ў муроўцы. На мяжы XIX-XX стст. кафляная вытворчасць ў Беларусі сапраўды квітнела: на заводах, што працавалі ў Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Копысі, Магілёве, Мінску, выраблялі рэльефныя паліхромныя пліткі і дэкаратыўныя медальёны з выявамі раслін, звяроў і міфалагічных істот у стылістыцы мадэрна. Беларуская кафля экспартавалася і за мяжу. |
 |
 |
Карэц |
9 октября 2026 |
 |
 |
"Пад прыглядам старшыні, які явіўся асабіста праверыць, як будуць выконваць яго ўказанне, Вольга карцом мерала малако, налівала ў гладышкі, якія прынеслі жанкі". Што ж за карэц такі трымала ў руках гераіня Івана Мележа ў рамане "Подых навальніцы"? На самой справе, вельмі простую, але зручную пасудзіну - коўш з ручкай, якім раней зачэрпвалі і ваду, і квас, і шмат чаго яшчэ. Называлі яго таксама конаўкай. Звычайна карэц вырабляўся з дрэва, але часам бываў і металічны. Вольга са старонак кнігі мерала малако, канешне ж, на вока; але цікава, што слова "карэц" на беларускіх землях у старажытныя часы таксама абазначала меру вадкасцей і сыпучых рэчываў, роўную прыкладна чвэрці бочкі - 101,6 літрам. Лічыцца, што этымалагічна слова "карэц" звязана са словам "кара", бо большую частку ёмістасцей раней рабілі менавіта з кары або дрэва.
|
 |
 |
Картуз |
2 октября 2026 |
 |
 |
 Прыкладна ў пачатку XIX ст. у народным побыце беларусаў з'явіўся картуз - мужчынскі галаўны ўбор з казырком, а ўжо напрыканцы стагоддзя не знайшлося б ні ў вёсцы, ні ў горадзе больш распаўсюджанай шапкі. Шылі картузы з сукна, скуры, часам, калі дазвалялі сродкі, нават з аксаміту. Аколышкі рабілі шырокімі і каляровымі; казыркі маглі быць паўкруглымі, прамымі або нахільнымі. У цэнтральных рэгіёнах беларускіх зямель картузы выпляталі з саломы, аздабляючы спераду разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі. Існаваў звычай на святы ўпрыгожваць картуз, закладаючы за аколыш жывыя кветкі. Паходзіць слова "картуз" з галандскай мовы, дзе мае значэнне "дарожная шапка". |
 |
 |
Ігрышча |
25 сентября 2026 |
 |
 |
 Найбольш цікавым у беларускім слове "ігрышча" з'яўляецца тое, што яно не мае ніякага дачынення да дзіцячага баўлення часу. Ігрышчы ў традыцыйнай культуры - гэта забаўкі для дарослых, часцей за ўсё - для моладзі шлюбнага ўзросту (але ўдзельнічалі таксама і старэйшыя мужчыны і жанчыны). Гэта вясёлыя, шумныя народныя зборышчы, якія суправаджаліся тэатралізацыямі, хаджэннямі пераапранутых, танцамі, спевамі, гульнямі і карагодамі. Часам такія зборы зваліся таксама "вечарыны" або "вячоркі" і ладзіліся ў пэўныя перыяды, напрыклад, на Каляды. Месцам правядзення ігрышчаў магла быць спецыяльна абраная дзеля гэтай падзеі хата або карчма. Лічыцца, што ігрышчы бяруць свой пачатак яшчэ ў дахрысціянскі час, дзе яны выступалі важнымі этапамі каляндарна-абрадавага цыклу і рытуальнай сацыялізацыі. Некаторыя з іх ("Жаніцьба Цярэшкі", "Ката пячы", Купалле) захаваліся ў пэўнай форме да нашых дзён, з'яўляючыся жывымі элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Вучым родную мову разам! |
 |
 |
Індык |
18 сентября 2026 |
 |
 |
 "Змянялі быка на індыка" - часам можна пачуць, калі вы памыліліся ў выбары і замест лепшага атрымалі горшае. І хаця бык, вядома, большы за індыка, усё ж і апошні заслугоўвае ўвагі: гэта найвялікшая хатняя птушка, якую можна сустрэць на беларускім падвор'і. Самцы часам важаць да 30-35 кілаграмаў! Прадстаўнічасці індыку таксама дадаюць "каралы" - яркія скураныя ўтварэнні на галаве і шыі, якія выкарыстоўваюцца ў тэрмарэгуляцыі і як сродак дэманстрацыі настрою пры ўзаемаадносінах з суродзічамі, і пер'е - белага, чорнага, бронзавага колеру ў залежнасці ад пароды. Індыкі цяжка пераносяць холад, волкасць і адсутнасць прасторы - аб гэтым належыць памятаць пры развядзенні гэтых птушак. Яшчэ яны не вельмі прыязныя адзін да аднаго, таму лепш не пасяляць у птушнік вельмі вялікую кампанію. Затое індычкі - цудоўныя квахтухі, адны з самых цярплівых сярод хатніх птушак, таму кемлівыя ўладальнікі часам падкладваюць ім яшчэ і курыныя або гусіныя яйкі для выседжвання. У асноўным індычак вырошчваюць дзеля каштоўнага дыетычнага мяса, багатага на бялкі. Яго карысныя ўласцівасці заўважылі яшчэ карэнныя жыхары Амерыкі, якія і адамашнілі ў свой час дзікіх індычак. З Новага Свету птушка трапіла ў Еўропу праз Іспанію (адсюль састарэлая назва "іспанскія куры"). Яшчэ адно з папярэдніх найменняў індыка - "pavo indicus", літаральна - "індыйскі паўлін" (бо першапачаткова лічылі адкрытыя Калумбам прасторы Новага Свету Індыяй). Ад гэтага выразу пра паўліна і пайшла сучасная назва птушкі. |
 |
 |
Імбрык |
11 сентября 2026 |
 |
 |
Нават калі вы не ведаеце слова "імбрык", то саму рэч, што яно абазначае, вы дакладна маеце і выкарыстоўваеце амаль кожны дзень. Бо імбрык - гэта невялічкая кухонная прылада для заварвання гарбаты ці іншых напояў у гарачай вадзе. Нягледзячы на надзвычайную разнастайнасць існуючых форм, матэрыялаў, колераў і спосабаў дэкору, усе імбрыкі маюць больш-менш агульную арганізацыю: тулава, часам з сітцам унутры, у якое закладаюць лісце гарбаты; вечка (але ёсць таксама экзэмпляры без яго), ручку і носік, праз які наліваюць напой. Лічыцца, што першыя імбрыкі з'явіліся ў Кітаі. Шырока вядомыя невялічкія пасудзіны з адмысловага сорта порыстай гліны, якая здабывалася ў гарадку Ісін: яны масава вырабляліся ў пачатку праўлення дынастыі Мін (2-я палова XIV ст.) у сувязі з распаўсюджваннем традыцыйнага спосабу прыгатавання гарбаты. З цягам часу культура чаявання ў Кітаі дасягнула небывалага росквіту, і разам з ёй - майстэрства вырабу імбрыкаў, якія пераўтварыліся з простых прыкладных рэчаў у творы мастацтва з глыбокай сімволікай, кананічымі формамі і эстэтычнай адметнасцю. З Кітая ў XVII ст. імбрыкі трапілі ў Еўропу, дзе спачатку з'яўляліся прадметамі раскошы. Адкрыццё і пачатак прамысловай вытворчасці еўрапейскага фарфора дазволілі крыху большай колькасці дамоў мець на стале гэты зручны і прыгожы посуд. Адначасова выпускаліся імбрыкі з больш танных матэрыялаў - метала, волава. У XIX ст. ужо цяжка было ўявіць кухню без імбрыка. Цікава, што ў нашу мову слова "імбрык" трапіла праз польскую з турэцкай, куды, у сваю чаргу, яно прыйшло праз арабскую з персідскай мовы. Вось такое доўгае падарожжа!
|
 |
 |
Забаўка |
21 августа 2026 |
 |
 |
На мінулым тыдні мы ўзгадвалі зыбку, у якой калыхаюць немаўлятак, каб ім лепш спалося, а сёння распавядзем крыху пра тое, што займала дзіця па-за межамі сна: дакладней, пра цацку, ляльку, або, як яе яшчэ называлі, - забаўку. На першы погляд, рэч вельмі простая: забаўкі звычайна рабілі самастойна з драўляных цурак, саломы, кудзелі, кары, шышак, жалудоў, адрэзкаў тканін і іншых спадручных матэрыялаў. Але на самой справе лялька-забаўка - гэта цэлы свет у мініяцюры: у ёй зашыфраваны стан грамадства, сістэма адносінаў у ім, маральныя якасці і эстэтычныя патрабаванні, своеасаблівасць мастацкай культуры. Менавіта праз гульню з забаўкай маленькі чалавек знаёміцца і далучаецца да сацыяльнага асяроддзя, у якім будзе праходзіць яго далейшае жыццё. Змяшчаць велізарныя сэнсы ў невялічкую забаўку пачалі яшчэ нашы продкі: найбольш старажытная гліняныя цацкі адносяцца да неаліту. У той час яны выконвалі таксама і рытуальную функцыю. Пазней, з развіццём ганчарства, выраб гліняных забавак набыў рамесніцкі размах. Стваралі фігуркі людзей, свістулькі ў выглядзе звяроў і птушак, бразготкі (пустацелыя шарыкі з каменьчыкамі ўнутры), якія часам упрыгожвалі карычневай, жоўтай, зялёнай або празрыстай палівай.
Шырока распаўсюджанымі ў народным побыце былі таксама драўляныя забаўкі, адметнай рысай якіх была імітацыя руху: "Кавалі", "Коннікі", "Кураняты дзяўбуць зерне" і інш. На мяжы XIX - XX стст. такія лялькі вырабляліся масава і прадаваліся на кірмашах. |
 |
|
|
|