Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Бажніца
Бажніца13 марта 2026 |
|
Беларускае слова «бажнiца» - шматзначнае. У старадаўнія часы ім абазначалі паганскія свяцілішчы, у хрысціянскую эпоху - невялікія іканастасы або нават мініяцюрныя капліцы, якія ўзводзіліся ў месцах, дзе часта здзяйсняліся малітвы: на могілках, каля прыдарожных і прысядзібных крыжоў, над асабліва шанаванымі крыніцамі. Бажніцы маглі быць прамавугольнай і трохкутнай формы, багата ўпрыгожваліся разьбой, выцінанкамі, роспісам, а таксама ручнікамі, якія сімвалізуюць падзяку тых, хто моліцца за выкананне ўзнесеных просьбаў. Бажніцы ў выглядзе палічак і невялікіх іканастасаў сустракаліся і ў дамах - у гэтым выпадку іх размяшчалі ў чырвоным куце (покуці). Таксама бажніцай часта называюць ківот - невялікую, часта зашклёную, часам створчатую драўляную шафку, у якой змяшчалася ікона. Часам найменне «бажніца» пераходзіла і на прадметы, якія выкарыстоўваліся пры арганізацыі падобнага хатняга іканастаса: так называлі вышытыя ручнікі і фіранкі, якімі пакрываліся або апраўляліся размешчаныя ў святым куце абразы. Бажніцы з'яўляліся ўнікальнымі творамі народнага дэкаратыўнага мастацтва, якія ўвасаблялі ў сабе не толькі талент майстроў, але і шматвяковыя лакальныя традыцыі роспісу і разьбы па дрэве.
Вучым родную мову разам!
Вернуться назад |