Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Бурштын

Бурштын


6 марта 2026
БурштынЗагадкавым словам «бурштын» у беларускай мове завецца незвычайнай прыгажосці самацвет, вядомы людзям з часоў палеаліту, які валодае шэрагам дзіўных уласцівасцяў: выключным багаццем адценняў (каля 350, ад малочна-белых і празрыста-жоўтых да вінна-чырвоных, зялёных і нават блакітных), здольнасцю хутка награвацца і доўга захоўваць цяпло (за кошт нізкай цеплаправоднасці), а таксама электрызавацца пры трэнні і прыцягваць дробныя лёгкія прадметы. Усё таму, што бурштын - не мінерал, а скамянелая смала дрэў, якія раслі на планеце каля 120 мільёнаў гадоў таму. Зачараваныя амаль цудоўнымі асаблівасцямі самацвету, людзі ў розных кутках зямлі давалі яму розныя «гаворачыя» імёны: старажытныя грэкі - электрон, старажытныя рымляне - сукцынум, арабы - анбар, германцы - бернштайн, што значыць «гаручы камень», бо бурштын яшчэ і лёгка запальваецца, а пры гарэнні прыемна пахне, і гэты водар лічылі гаючым, напрыклад, пры хваробах сэрца. З верхненямецкай праз заходнеславянскія мовы і прыйшло ў нашу мову слова «бурштын».
На тэрыторыі сучаснай Беларусі бурштын вядомы з часоў сярэдняга неаліту (IV - сярэдзіна III тыс. да н. э.). Самыя раннія вырабы з самацвета ў фондах музея - гэта падвескі, якія датуюцца 2300-1800 гг. да н.э. (перыяд бронзавага веку) і паступілі на нашы землі па «бурштынавым шляху» з тэрыторыі Прыбалтыкі. Самымі шматлікімі ў музейным археалагічным зборы бурштыну з'яўляюцца каралі розных форм, якія адносяцца да перыяду канца X - XI стст. Цяпер у Брэсцкай вобласці, Лельчыцкім і Жыткавіцкім раёнах Гомельскай вобласці вядомы мясцовыя паклады сонечных самацветаў, якія ўтварыліся ў выніку руху ледавікоў 700 тысяч гадоў таму.
Прадмет з бурштыну, які мы прэзентуем вам сёння, можна ўбачыць на выставе «Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы».

Вучым родную мову разам!

Бурштын


Вернуться назад