Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Аловак

Аловак


13 февраля 2026
АловакАловак добра вядомы ўсім, бо грыфель, схаваны ў драўляны корпус, - гэта ці ледзь не самы першы інструмент для творчасці, які трапляе ў нашы рукі ў дзяцінстве. Але чаму ён называецца менавіта так? Беларускае «аловак» паходзіць ад польскага «olowek»; гэтыя словы ўзыходзяць да агульнаславянскага «olowo», якое ў старажытнарускай мове з XI і аж да XVI ст. азначала як волава, так і свінец, а ў землях заходніх славян - толькі свінец. Тым часам, у XIII-XVII стст. для пісьма актыўна выкарыстоўваліся як раз свінцовыя стрыжні, якія пакідалі няяркі, але адрозны след; пазней у свінец сталі дадаваць да траціны волава - з мэтай надання насычанасці рысцы. Сувязь «алоўка» і «волава» прасочваецца і ў такіх архаізмах, як «оловко» (састарэлае абазначэнне графіту) і «оловеник» (як мяркуецца, адмысловая папера для пісьма алоўкам).
Гісторыя «імя» алоўка цікавая, але больш захапляльнымі з'яўляюцца магчымасці творчай рэалізацыі, якія прыхаваныя ў гэтым простым прадмеце. Сапраўдныя шэдэўры стваралі з дапамогай алоўка Жан Агюст Дамінік Энгр, Ілля Рэпін, Валянцін Сяроў, а таксама наш зямляк - вядомы мастак Акім Міхайлавіч Шаўчэнка. Дарэчы, яго шлях у выяўленчым мастацтве пачаўся якраз з двух алоўкаў - чырвонага і сіняга, прывезеных бацькам будучага мастака з працоўнай паездкі. У далейшым адной толькі стрыманай і строгай мовай алоўка Акім Міхайлавіч распавёў на паперы сотні гісторый і вобразаў, поўных энергіі, руху і жыцця. Пазнаёміцца з графічнымі і жывапіснымі работамі класіка беларускага мастацтва можна на выставе «Акім Шаўчэнка. У пошуку», якая зараз экспануецца ў цэнтральнай частцы палаца Румянцавых і Паскевічаў.

Вучым родную мову разам!

Аловак


Вернуться назад