Ці памятае хто з вас, як цікава і захапляльна было, трапіўшы ўлетку ў вёску да бабулі, адчыніць яе вялізны куфар і зазірнуць у яго, нібыта ў скарбніцу? Дык і чым то была не скарбніца, калі масіўная драўляная скрыня захоўвала ў сабе і разнастайныя тканіны, і святочнае аддзенне, і найлепшую бялізну, і новы абутак, і шмат якія іншыя каштоўнасці?
Куфар - часцей за ўсё прамавугольная невысокая ёмістасць з адкідным векам - вядомы яшчэ са старажытных часоў. У сярэднявеччы ён выкарыстоўваўся і як стол, і як лава, і як ложак, і як сховішча для розных рэчаў у магнацкіх і мяшчанскіх маёнтках. Куфар - гэта "бацька" сучаснай шафы; у сваю чаргу, сам ён з'яўляецца пераемнікам кубела, цыліндрычнага вырабу з дрэва, які быў распаўсюджаны ў сялянскім асяроддзі беларускіх зямель да XIX ст. Куфары былі не толькі зручнымі, але і прыгожымі прадметамі мэблі - іх часта аздаблялі мастацкай акоўкай у выглядзе фігурных жалезных палос; забяспечвалі падстаўкамі-ножкамі, хупавымі ручкамі і замком, унутраным або вісячым; ніжнія дошкі ўпрыгожвалі прапілоўкай. Адметную яскравасць куфарам надаваў роспіс: строгія геаметрычныя і хвалістыя раслінныя арнаменты, букеты і гірлянды кветак, рознакаляровыя зорачкі, крыжыкі, разеткі квітнелі на баках і накрыўцы, прыцягваючы погляд, асабліва падчас вясельных абрадаў, у якіх куфар займаў адно з цэнтральных месцаў, бо змяшчаў пасаг маладой. Адсюль і нярэдкае ўзгадванне яго ў фальклорных тэкстах.
Вытокі слова "куфар" трэба шукаць у лацінскай мове, дзе "corphinus" азначае "карзіна".
Вучым родную мову разам!
