На мінулым тыдні мы ўзгадвалі зыбку, у якой калыхаюць немаўлятак, каб ім лепш спалося, а сёння распавядзем крыху пра тое, што займала дзіця па-за межамі сна: дакладней, пра цацку, ляльку, або, як яе яшчэ называлі, - забаўку. На першы погляд, рэч вельмі простая: забаўкі звычайна рабілі самастойна з драўляных цурак, саломы, кудзелі, кары, шышак, жалудоў, адрэзкаў тканін і іншых спадручных матэрыялаў. Але на самой справе лялька-забаўка - гэта цэлы свет у мініяцюры: у ёй зашыфраваны стан грамадства, сістэма адносінаў у ім, маральныя якасці і эстэтычныя патрабаванні, своеасаблівасць мастацкай культуры. Менавіта праз гульню з забаўкай маленькі чалавек знаёміцца і далучаецца да сацыяльнага асяроддзя, у якім будзе праходзіць яго далейшае жыццё. Змяшчаць велізарныя сэнсы ў невялічкую забаўку пачалі яшчэ нашы продкі: найбольш старажытная гліняныя цацкі адносяцца да неаліту. У той час яны выконвалі таксама і рытуальную функцыю. Пазней, з развіццём ганчарства, выраб гліняных забавак набыў рамесніцкі размах. Стваралі фігуркі людзей, свістулькі ў выглядзе звяроў і птушак, бразготкі (пустацелыя шарыкі з каменьчыкамі ўнутры), якія часам упрыгожвалі карычневай, жоўтай, зялёнай або празрыстай палівай.
Шырока распаўсюджанымі ў народным побыце былі таксама драўляныя забаўкі, адметнай рысай якіх была імітацыя руху: "Кавалі", "Коннікі", "Кураняты дзяўбуць зерне" і інш. На мяжы XIX - XX стст. такія лялькі вырабляліся масава і прадаваліся на кірмашах.
Вучым родную мову разам!
