Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Жабрак
Жабрак24 июля 2026 |
|
Быць жабраком - гэта значыць існаваць за кошт ахвяраванняў ды міласці. Беднасць, войны, эпідэміі, неўраджаі і іншыя ўзрушэнні спрыялі ў мінулым прытоку ў гэты стан беззямельных і збеглых сялян, гарадскога плебсу, калек ("уломных"), хворых, сірат, старых і іншых. Акрамя прыватных асоб, апеку над жабракамі трымалі цэрквы, рэлігійныя брацтвы, рамесныя цэхі і іншыя аб'яднанні: за іх кошт утвараліся шпіталі, начлежкі, раздавалася міласціна падчас святаў і ўрачыстасцяў. У XVI-XVIII ст. пры гарадскіх магістратах існавалі спецыяльныя службовыя чыны - "старасты калецкія", якія складалі рэестры жабракоў і сачылі за іх жыццем. У некаторых гарадах беларускіх зямель жабракі ўтваралі ўласныя цэхі або братствы, часам са статутамі, органамі самакіравання і сакрэтнымі (умоўнымі) мовамі. Жабраваць маглі не толькі гаротнікі, але і вандроўнікі: рамеснікі, студэнты, манахі, якіх чалавечая дабрыня адорвала часам бясплатным начлегам, харчамі або грашыма. У традыцыйнай беларускай культуры да жабракоў ставіліся неадназначна. На ранніх этапах існавала тэндэнцыя сакралізацыі жабракоў, бо яны здаваліся вельмі блізкімі да Хрыста па ладзе жыцця. Іх звалі старцамі, дзядамі - таксама, як і продкаў; лічылася, што жабракі здольныя хадзіць на той свет і кантактаваць з памерлымі, таму ім перадавалі рэшткі памінальнай вячэры на Дзяды і Радаўніцу, а таксама рэчы, што забылі пакласці ў труну нябожчыка падчас пахавання. Нельга было адмовіць жабраку ў хлебе, бо гэта стварала пагрозу будучаму дабрабыту. Хлебныя кавалачкі, што некаторы час былі ў жабракоў, маглі выкарыстацца як лекі для хворых дамашніх жывёлін. Распаўсюджанымі ў фальклоры матывамі з'яўляюцца сюжэт пра вандруючага Бога, які пад выглядам жабрака ходзіць сярод людзей і адорвае або карае іх ў адпаведнасці з іх адносінамі і ўчынкамі, і павер'і пра «старэцкія спадкі» - назапашаныя старцам каштоўнасці, якія ён захоўваў у давераных асоб "на чорны дзень". На позніх этапах традыцыйнай культуры сакралізацыя жабракоў паступова саступае месца негатыўнаму стаўленню да беднасці, няздольнасці да працы, маргінальнага статусу гэтай сацыяльнай групы. Вучым родную мову разам!
Вернуться назад |