Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Дзяды
ДзядыСегодня, 10:34 |
|
У беларусаў душы памерлых продкаў, народны памінальны абрад, а таксама рытуальная вячэра, падрыхтаваная да абраду, называюцца "Дзяды". Паходзяць Дзяды ад дахрысціянскага ўсходне-славянскага звычаю трызны і звязаны з культам продкаў. Пазней абрад ускладніўся напластаваннем хрысціянскай культуры. Важна, што Дзяды прысвечаны ўшанаванню ўсіх продкаў ("дзядоў"), у адрозненні ад каляндарных індывідуальных памінак, што адлічваюць ад дня смерці. Дзяды спраўляюць да 6 разоў на год (у залежнасці ад мясцовасці). Абавязковымі лічацца Дзяды на Радаўніцу, а таксама перад Масленіцай і Сёмухай. Галоўнымі ж былі і застаюцца Восеньскія (Дзмітраўскія) Дзяды - асяніны, што адзначаліся перад Дзмітравым днём (26 кастрычніка / 8 лістапада). У дзяржаўным календары Беларусі Дзень памяці афіцыйна ўстаноўлены 2 лістапада. Напярэдадні Восеньскіх Дзядоў прынята прыбіраць хату, выносіць смецце, вымыцца ў лазні, пакінуўшы там вядро чыстай вады і новы венік для душ продкаў. Важна памыць вокны, бо лічыцца, што менавіта праз іх душы продкаў трапляюць у хату. На Дзяды ў сям'і гатавалі святочныя і абрадавыя стравы - куццю, бліны, клёцкі, яечню, узвар, мяса. Адсюль і прыказкі: "На Дзяды шмат яды", "Наеўся, як на Дзяды". Па звычаі, частку кожнай стравы сімвалічна адкладаюць у асобны посуд для нябожчыкаў і на ноч са стала не прыбіраюць. Па павер'ях, на вячэру прыйдуць памерлыя сваякі. Рэшткі абрадавай ежы нельга выкідваць - раніцай іх лепш аддаць хатнім жывёлам або аднесці на могілкі. У гэты дзень ні ў якім разе нельга ўспамінаць аб памерлых дрэнна. Вучым родную мову разам!
Вернуться назад |