
Ці ведаеце вы, што ў стараславянскай мове «грыва» - зусім не доўгія валасы на галаве і шыі некаторых жывёл, а ўласна «шыя, патыліца»? Гэта старажытнае слова падарыла назву грыўні - шыйнаму ўпрыгожванню ў выглядзе абруча. Падобнага роду аксэсуары, названыя па-рознаму, былі вядомыя з бронзавага веку і папулярныя ў шматлікіх народаў тэрыторый Еўропы, Блізкага і Сярэдняга Усходу, прытым насіць іх маглі як мужчыны, так і жанчыны; гэта было статуснае ўпрыгожванне, і ў некаторых этна-сацыяльных групах яно з'яўлялася часткай пахавальнага касцюма. У старажытных славян шыйныя ўпрыгожванні-абручы называліся грыўнямі. Ствараліся са срэбра, медных сплаваў, радзей з жалеза. У залежнасці ад спосабу вырабу грыўні адрозніваліся знешнім выглядам: пласціністыя (плоскія), упрыгожаныя арнаментамі ў выглядзе насечак, ромбаў, «елачак»; дротавыя тардаваныя (з папярэдне нагрэтага і перакручанага да ўтварэння спіральнай разьбы прута), вітыя (з некалькіх стрыжняў, перакручаных разам) і інш. Афармленне канцоў грыўняў таксама вар'іравалася: яны маглі быць растуленыя або заходзіць адзін за аднаго, маглі быць загнутымі ў выглядзе аплікаў або выкананымі ў форме зашпількі (адтуліна на адным канцы і «гузік»-выпукласць на другім). Часам у грыўнях прароблівалі невялікія адтуліны, каб дадаткова ўпрыгожваць іх разнастайнымі прывескамі.
Вучым родную мову разам!