
Расталі снягі, ярка свеціць сонца, і, нібы прадчуваючы надыходзячы сезон усеагульнага цвіцення, набухлі пупышкі на галінках бэзу - куста, які здаўна выкарыстоўваецца для дэкарыравання паркаў, садоў і аранжарэй. Непераборлівасць, далікатны водар, выключная разнастайнасць адценняў суквеццяў (ад белага і бледна-блакітнага да пурпурнага і насычана-фіялетавага) і амаль 2300 вядомых ў свеце сартоў - усё гэта робіць бэз даволі папулярным. Дарэчы, 10 з іх, у тым ліку сарты «Абаронцам Брэста», «Несцерка», «Прымроўз», «Мадам Казімір Пяр'е», «Паўлінка», «Жамчужына», можна ўбачыць у сірынгарыі гомельскага парка, створаным на набярэжнай 15 верасня 2016 года. На тэрыторыі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля расце і сапраўды ўнікальны бэз - «Княгіня Ірына», выведзены ў 2017 годзе Цэнтральным батанічным садам НАН Беларусі і высаджаны ў 2019-м - у год стагоддзя музея. Сорт носіць імя Ірыны Іванаўны Паскевіч, графіні Эрыванскай, найсвятлейшай княгіні Варшаўскай, - апошняй уладальніцы гомельскага маёнтка і гаспадыні палаца.
Лічыцца, што назва «бэз» узыходзіць да праславянскага «bazъ» («бузіна»). І ў бузіны, і ў бэзу лёгка выдаляецца цэнтральная частка ствала, дзякуючы чаму атрымліваецца полая трубачка, з якой зручна вырабляць флейты ці падобныя ім музычныя інструменты. І гэта не адзіны «ўклад» бэзу ў развіццё мастацтва: яго квітнеючыя галіны, якія пахнуць за акном ці ў букеце на стале, нязменна натхнялі мастакоў на стварэнне жывапісных і акварэльных шэдэўраў. Прыкладам можа служыць карціна Святланы Львоўны Курашовай з фондаў нашага музея. У яе нацюрмортах кветкі бэзу часта з'ўляюцца цэнтрам кампазіцыі.
Вучым родную мову разам!
