Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Бранзалет

Бранзалет


20 марта 2026
БранзалетУпрыгожванні круглай (часцей за ўсё) формы, якія насілі на руках (а ў некаторых культурах і на нагах), у беларускай мове носяць назву бранзалеты. Гэтыя аксэсуары на нашых землях вядомыя з даўніх часоў. Археалагічныя раскопкі старажытнарускіх гарадоў - Гомеля, Турава, Рагачова і іншых населеных пунктаў вобласці паказваюць наяўнасць бранзалетаў, выкананых са шкла, бронзы, медзі, жалеза, срэбра. Асаблівай разнастайнасцю адрозніваюцца вырабы са шкла X-XIII стст.: гладкія акруглага сячэння, кручаныя, вітыя, рыфленыя, плоскія, з унутраным металічным дротам. Выкарыстанне рознай сыравіны, фарбавальнікаў і тэхналогій дазваляла дамагчыся шырокага спектру адценняў зялёнага, бірузовага, карычневага, фіялетавага, сіняга і жоўтага колераў, а арнаментацыя і асобныя прыёмы дэкарыравання, напрыклад, шырока распаўсюджанае перавіццё жоўтай непразрыстай ніткай, ператварала бранзалеты ў сапраўдныя творы мастацтва, якія ўяўляюць значную цікавасць для даследчыкаў. Вывучэнне падобных знаходак дазваляе сфарміраваць уяўленні аб узроўні дастатку і эканамічнага развіцця, культурных і модных тэндэнцыях, асаблівасцях вытворчасці асобных рэгіёнаў і гандлёвых сувязях.
Бранзалет, які мы прэзентуем вам сёння, можна ўбачыць на выставе «Тэрыторыя спадчыны. Радзімічы».

Вучым родную мову разам!

 

Бранзалет

 


Вернуться назад