Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Вучым родную мову разам з музеем! > Абрус

Абрус


27 февраля 2026
АбрусПадумаць толькі - усяго адзін адрэз тканіны з апрацаванымі канцамі, а колькі важных функцый выконваў! У традыцыйнай беларускай культуры абрус, які называўся таксама настольнікам і быў прызначаны для засцілання стала, актыўна выкарыстоўваўся ў абрадавай дзейнасці. На Каляды пад яго клалі сена, з якога пасля вячэры выцягвалі па травінцы ўсе члены сям'і і варажылі, якім будзе надыходзячы год. Астатняе сена аддавалі скаціне, каб яна была здаровая і тлустая. У апошні дзень Масленіцы абрусам накрывалі рэшткі вячэры на стале, каб у хаце год не было сварак. На Радаўніцу абрус слалі перад магіламі для правядзення памінальнай трапезы. «Адагнаць» навальнічную хмару і прадухіліць град, паводле павер'яў, можна было ўзмахамі абруса, якім накрывалі стол на Вялiкдзень. Абрус з крошкамі асвячонай ежы слалі перад ёўняй, калі туды заязджаў воз з першым снапом зжатага жыта. Абрус абавязкова ўваходзіў у пасаг нявесты, а ўпрыгожвалі яго разнастайнымі спосабамі: ажурным і пераборным ткацтвам, вышыўкай, набіваным арнаментам, аплікацыяй, карункамі і махрамі. Паколькі абрус звычайна складаўся з дзвюх сшытых полак, то яны часта злучаліся паскам ігольчатых карункаў, пазней - карункавай прошвай, вязанай кручком. Абрусы Гомельшчыны вылучаюцца багаццем арнаментальных форм і разнастайнасцю сродкаў аздаблення.
Лічыцца, што беларускае слова «абрус» праз шэраг прамежкавых формаў узыходзіць да праславянскага дзеяслова «brъsnǫti» - «выціраць, абціраць, церці».

Вучым родную мову разам!

Абрус


Вернуться назад