Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Выставки > Выстава “Беларускі народны: код нацыянальнай якасці. Шэдэўры народных мастакоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”
Выстава “Беларускі народны: код нацыянальнай якасці. Шэдэўры народных мастакоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь”6 сентября 2024 |
![]() У год святкавання 85-гадовага юбілею Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў падарунак - маштабны перасоўны праект, прысвечаны народным мастакам Беларусі, сярод якіх ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Прэм'ерная прэзентацыя праекта адбылася ў Мастацкім музеі імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Бялынічах - горадзе, які ў 2024 годзе атрымаў статус "Культурная сталіца Беларусі". Выстава з поспехам прайшла ў філіяле "Мастацкі музей" Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Прадстаўленая ў Год якасці, выстава з назвай "Беларускі народны: код нацыянальнай якасці" дае ўнікальную магчымасць пазнаёміцца па-за межамі галоўнай арт-пляцоўкі краіны з творчасцю мастакоў, творы якіх па праве лічацца класікай і эталонам беларускага выяўленчага мастацтва ХХ - пачатку ХХІ ст. Да канца года праект змогуць ацаніць жыхары Віцебска, Гродна, Магілёва, што стане знакавай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі. Ганаровае званне "Народны мастак БССР" і "Народны мастак Беларусі" маюць мастакі, творчасць якіх прадстаўляе сабой "залаты фонд" выяўленчага мастацтва Беларусі. У рамках перасоўнага выставачнага праекта Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь у Гомелі будзе прадстаўлена звыш 40 твораў жывапісу, графікі, скульптуры Заіра Ісакавіча Азгура, Івана Восіпавіча Ахрэмчыка, Вітольда Каэтанавіча Бялыніцкага-Бірулі, Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанкі, Валянціна Віктаравіча Волкава, Віктара Аляксандравіча Грамыкі, Мая Вольфавіча Данцыга, Яўгена Аляксеевіча Зайцава, Аляксандра Міхайлавіча Кішчанкі, Раісы Уладзіміраўны Кудрэвіч, Паўла Васільевіча Масленікава, Івана Якімавіча Міско, Георгія Георгіевіча Паплаўскага, Міхаіла Андрэевіча Савіцкага, Віталя Канстанцінавіча Цвіркі і іншых. Экспанаванне выставы пройдзе з 1 жніўня па 29 верасня 2024 года. Куратары выставы: Святлана Васільеўна Кот, загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Анастасія Алегаўна Карнейка, старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ-ХХI стст. Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уваход на выставу па квітках у палац Румянцавых і Паскевічаў
Пытанні па тэл. +375(232) 50-95-41
Вернуться назад |