Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Публикации > Квітнеючы палац
Квітнеючы палац8 ноября 2023 |
Калі шэрай восенню вы жадаеце акунуцца ў атмасферу лета, падзівіцца на буйства колераў, апынуцца сярод кветак і адчуць утульнасць роднай вясковай хаты, тады вам адназначна трэба наведаць выставу «Посцілка: дэкаратыўнае вымярэнне» у палацы Румянцавых і Паскевічаў.
Пра выставу Выстава працуе ў музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля з ліпеня 2023 года. Праект упершыню знаёміць наведвальнікаў з часткай калекцыі саматканых посцілак і дываноў з музейнага фонду ўстановы, якая налічвае каля 100 адзінак амаль з усіх раёнаў Гомельшчыны, а таксама Краснаполля (Магілёўская вобласць). Прадстаўленыя на выставе творы ткацтва - здабыткі этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікаў Гомельскага абласнога краязнаўчага музея, якія ладзіліся па раёнах Гомельскай вобласці ў 1970-1980-я гг. Усяго на выставе можна пабачыць каля 50 посцілак і дываноў, створаных у розных ткацкіх тэхніках, адметных сваёй вобразнай геаметрыяй, яркімі колеравымі спалучэннямі, аўтарскімі вырашэннямі. Пра натхненне Адной з крыніц натхнення для стварэння новага выставачнага праекта стала так званая «этнасушка», якую ладзілі супрацоўнікі навукова-фондавага аддзела музея летам 2022 года - выносілі з фондасховішча на прасушку прадметы з калекцыі ткацтва. Тады тэрасу і газоны вакол класічнага палаца расквецілі рознакаляровыя саматканыя посцілкі, створаныя калісьці простымі вясковымі жанчынамі. Не толькі самі супрацоўнікі ацанілі гэтае буйства колераў і вобразаў. Людзі, якія проста гулялі ў парку, падыходзілі, разглядалі посцілкі, як на сапраўднай выставе, здзіўляліся, успаміналі сваё дзяцінства, гады, праведзеныя ў вёсцы. Канешне, многім былі знаёмыя і самі посцілкі, якія захоўваюцца ў некаторых сем'ях і сёння. І тады рашэнне прыйшло само сабой: «Трэба рабіць выставу!». І вось роўна праз год мары здзейсніліся! Пра творчасць
Галоўнай мэтай выставы было прадставіць посцілку не толькі як элемент традыцыйнай культуры, але і як твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтага ўдалося дасягнуць з дапамогай розных мастацкіх вырашэнняў, якія зрабілі посцілку сапраўдным арт-аб'ектам. Дапоўнілі выставу і творы сучасных гомельскіх мастакоў, на якіх можна ўбачыць элементы беларускіх посцілак. Пра посцілкі і сямейную гісторыю
Прыемна, што музейная «этнасушка» мінулым летам натхніла не толькі супрацоўнікаў, але і гамяльчанку Валянціну Мікалаеўну Кірыкаву, якая вырашыла падарыць музею Гомельскага палацава-паркавага ансамбля свае сямейныя рэліквіі - дзве посцілкі і два ручніка. І, напэўна, яна нават не ведала, што і яе добры ўчынак стане для нас адной з крыніц натхнення для стварэння нашай выставы. Сёння посцілкі яе любімай бабулі Еўфрасінні Міхайлаўны Карлоўскай прадстаўлены ў нашай выставачнай прасторы. Таццяна Зыгмантовіч,
загадчык навукова-фондавага аддзела
Гомельскага палацава-паркавага ансмбля
Вернуться назад |