Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Выставки > Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч”

Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч”


25 мая 2021
Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч”Творы народных мастакоў Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі і Уладзіміра Тоўсціка, заслужаных дзеячаў мастацтваў Валерыя Шкарубы, Уладзіміра Слабодчыкава, Віктара Барабанцава, Уладзіміра Уродніча, а таксама яшчэ каля 70 работ жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прысвечаных 35-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, дэманструюцца ў палацы Румянцавых і Паскевічаў. У экспазіцыі прадстаўлены мастакі з розных рэгіёнаў Беларусі, у тым ліку з Гомельскай вобласці. Выстава "35 гадоў пад знакам Ч", падрыхтаваная Беларускім саюзам мастакоў, працуе з 16 красавіка 2021 года.

Ёсць падзеі, якія рэзка падзяляюць рэчаіснасць і гісторыю на "да" і "пасля"... Чарнобыльская катастрофа для многіх пакаленняў людзей з забруджаных тэрыторый парушыла светлы вобраз дзяцінства, зруйнавала самую ідэю вяртання ў бацькоўскую хату, ідэал увасаблення малой радзімы-абярэга, каштоўнага для кожнага чалавека. Усё гэта абумовіла пошук новай канцэпцыі асобы ў мастацтве. Мастацтва "пасля" Чарнобыля не толькі спавядае пра "разбуранае" выбухам рэактара жыццё людзей, яно прымушае да філасофскіх развагаў - пра безабароннасць чалавека перад тэхнагеннымі катастрофамі, пра любоў, шчырасць, духоўнасць, пра малую радзіму і Бацькаўшчыну... Засяроджанасць на праблемах унутранага свету стала своеасаблівай рысай мастацтва апошніх трох дзесяцігоддзяў.
Першымі выяўленчую хроніку Чарнобыльскай трагедыі пачалі ствараць адразу з 1986 года тады яшчэ маладыя мастакі Валерый Шкаруба, Мікалай Цудзік, Віктар Барабанцаў, Уладзімір Кожух, Аляксандр Фралянкоў. На іх карцінах амаль дакументальныя кадры - людзі, якія ў мірны час сталі ў сваёй краіне бежанцамі, пакінутыя хаты, калючы дрот на мяжызоны адчужэння.
Вялікую справу дзеля захаваня памяці пра Чарнобыль зрабіў мастак і навуковец Віктар Шматаў. Ён не аднойчы прыязджаў на забруджаную тэррыторыю, каб ратаваць для гісторыі матэрыяльную культуру Палесся. Збіраў экспанаты для Музея старажытнабеларускай культуры. А разам з тым, створаныя ім у той час з натуры жывапісныя рэпартажы, апавядалі пра жыццё апусцелых вёсак.
Не мог не адгукнуцца на Чарнобыльскую бяду і пясняр Палесся Гаўрыіл Вашчанка. Карціны народнага мастака - гэта не столькі адлюстраванне рэалій, гэта шчымлівы боль па страчаным раі, светлая вера, што ўсё калісьці вернецца. Невыпадкова ж любімым сюжэтам мастака заўжды была бусліная сям'я ў гняздзе - сімвал прадаўжэння роду.
У экспазіцыі выставы "35 гадоў пад знакам "Ч" можна пазнаёміцца з работамі многіх вядомых у Беларусі творцаў. На выставе таксама прадстаўлены жывапіс Уладзіміра Гардзеенкі, Арсенія Двароніна, Анжалікі Шабалтас, Віталя Дзянісенкі, Віктара Ціханава, Ірыны Кузняцовай, Генадзя Козела, Васіля Касцючэнкі, Леаніда Гоманава, Анатоля Отчыка,Сяргея Ігнаценкі; графіка Юрыя Хілько, Уладзіміра Васюка, Мікалая Гуршчанкова, Івана Андрасюка; скульптура Уладзіміра Слабодчыкава, Юрыя Мядзведзева, Аляксандра Слепава; габелены Людмілы Пятруль, Ларысы Зуевай, Ніны Пілюзінай, Святланы Баранкоўскай, Таццяны Козік.
Але, разам з тым, тэма экалагічнай катастрофы закранае мастакоў, якія пераасэнсоўваюць яе праз фармальныя кампазіцыйныя падыходы, нечаканыя пластычныя рашэнні. Гэта выразна выяўлена ў графіцы Андрэя Басалыгі, жывапісе Канстанціна Вашчанкі, Глеба Отчыка, Святланы Наздрын-Платніцкай, Глеба Герасімава, Васіля Зянько, кампазіцыях з шамоту Вольгі Сямашкі.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца,
першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў
Уваход на выставу па квітках на II паверх цэнтральнай часткі палаца
Тэл. для даведак: (232) 50-95-41, 50-95-93
Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч” Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч”

Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч” Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч”

Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч” Рэспубліканская выстава “35 гадоў пад знакам Ч”


 

 


Вернуться назад