Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Публикации > У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі

У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі


23 марта 2017
Таццяна Літвінава
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохіМінуўшчына… Што гэта такое, чым і якімі прыборамі гэта вызначыць? Гэта ўчарашні дзень, паданне, тое, што прамінула? Ці гэта частка ці адрэзак часу, ў які умясціліся падзеі і паўплывалі на ход жыцця вобласці, краіны ці ўсёй планеты? Як утрымаць яго, як захаваць у нашай памяці гістарычныя факты, зафіксаваць усё гэта нейкімі сродкамі, каб пасля нашчадкі сказалі пра тое – “то быў час, была эпоха”.
Агульнавядома, што прызнанымі захавальнікамі памяці пакаленняў з’яўляюцца музеі. І прыходзячы ў гэтую ўстанову, кожны, хто будзе зрокам дакранацца да нейкіх артэфактаў, міжволі ўздрыгне сэрца, падумае, што як хутка ляціць час, і сённяшні дзень некалі стане гісторыяй для нашчадкаў…
Нядаўна ў фондзе музея Гомельскага палаца-паркавага ансамбля з’явіўся незвычайны і цудоўны рарытэт. Гэта прэзентацыйны альбом фатаграфій, у саф’янавай вокладцы, на якой выціснута назва лацініцай “HOMEL 1911”. Ён уяўляе сабой кніжны блок з залатымі абрэзамі аркушаў у пераплёце з натуральнай скуры. На старонках змешчаны 14 аўтэнтычных фатаграфій пачатку ХХ стагоддзя з відарысамі парка і інтэр’ераў Гомельскага палацу. Частка з іх нам не былі вядомыя раней, і таму сталі для нас, так бы мовіць, сенсацыйным адкрыццём.
З’яўленне ў музейным арсенале гэтага унікальнага прадмета, “сведкі палацавай эпохі”, у якім змешчаны каштоўнейшы выяўленчы матэрыял, – вельмі важная падзея і матэрыял для даследчыкаў, якія сёння па крупінках спрабуюць аднавіць страчаныя ці згубленыя элементы даўняй сядзібы князёў Паскевічаў у Гомелі.
Давайце разам з вамі перагорнем важкія картонныя старонкі, напоўненыя глыбокім зместам і подыхам часу, незвычайнага альбома. Мы разам з невядомым, але, безумоўна, з таленавітым фатографам пройдземся па алеях парка і палацавых залах сядзібы.
Ступіўшы за вароты старога гомельскага парку, мы адразу адчуем, што апынуліся ў мінулым стагоддзі, на самым пачатку яго. Адчуем, як б’ецца сэрца таго часу, і ўбачым, што людзі жывуць паўнакроўным і цікавым жыццём. Ідучы па  гравейнай сцежцы, чуем крокі іх былых уладальнікаў, гасцей, якія прыязджалі да іх. Мы пачуем і голас апошняй гаспадыні – князёўны Ірыны Іванаўны Паскевіч, якая праславілася тым, што шмат зрабіла добрых спраў на карысць гамяльчанаў, якія ў памяць пра яе ўсталявалі ў нашым горадзе два помнікі, яе іменем названа вуліца ў Гомелі…
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі
Палац у тыя гады
… А ішоў 1911 год. Ірыне Паскевіч ужо семдзесят шэсць. Безумоўна, што менавіта ёй належала ідэя заказаць эксклюзіўны, дакладна не тыражны, альбом з незвычайнымі відарысамі яе сядзібы ў Гомелі. Таму мы і прысвячаем ёй свой аповед.
У той час са з’яўленнем фота і каляровага друку узнікаюць так званыя “Падносныя альбомы”, прысвечаныя якому-небудзь юбілею ці значнай даце, асобнай падзеі. А таму прызначаныя для падарунку віноўніку ўрачыстасці.
Такі альбом робіцца выдатным і, трэба адзначыць, дарагім падарункам. Бо можа быць у адзіночным накладзе. І будзе выдатным напамінкам пра нейкае сямейнае свята, пра родзічаў і знаёмых, аб падарожжы ў далёкія краіны. Яго заўсёды дэманструюць, змяшчаючы на самае віднае месца ў гасцёўне.
І ў той жа час з’яўляліся і “Уладальніцкія альбомы”. У іх звычайна  знаходзіліся фатаграфіі палацаў, асабнякоў, садоў і паркаў.
Узнікае пытанне – дзеля чаго быў створаны “наш” альбом? Якой падзеі прысвечаны? Можа ў гонар значнай падзеі – 55-ай гадавіны з таго часу, як уступілі ў валоданне Гомельскім маёнткам Фёдар і Ірына Паскевічы? А можа ён прызначаўся для нейкага высокага і асаблівага госця? Адказы на гэтыя пытанні належаць ёй, выдатнай князёўне.
Трошкі ўяўлення, і мы ўжо бачым, як Ірына сядзіць каля каміна, як задумліва глядзіць у агонь. І ў яе памяці з’яўляюцца даўнія падзеі. Успамін грэе ёй душу, на сэрцы лагоднасць і спакой…
Ірына Іванаўна нарадзілася ў вядомай дваранскай сям’і. Яе бацька – обер-цэрэмоніймейстэр Імператарскага двара, сапраўдны тайны саветнік граф Іван Іларыёнавіч Варанцоў-Дашкаў.
Маці – Аляксандра Кірылаўна, у дзявоцтве Нарышкіна, славілася як цудоўная гаспадыня вядомага свецкага салона ў Пецярбурзе.
Родны брат Ірыны – Іларыён, з якім яе ўсё жыццё звязвала блізкае родзіцкае сяброўства, стаў міністрам Імператарскага двара і ўдзелаў, намеснікам на Каўказе, уладальнікам Варанцоўскага палаца і Ластаўчынага гнязда ў Крыме.
Іх бацьку – Івану Іларыёнавічу – у ліку шмат якіх дамоў, маёнткаў і земляў належаў яшчэ багаты палац на Англійскай наберажнай Санкт-Пецярбурга, падаравны яму яго вядомай цёткай, сяброўкай імператрыцы Кацярыны ІІ, першай жанчынай прафесарам дзвюх расійскіх акадэмій – Кацярынай Раманаўнай Дашкавай. Менавіта ў гэтым палацы ён з Аляксандрай Кірылаўнай даваў бліскучыя балі, якія як звычайна наведвалі чальцы Імператарскай фаміліі, а таксама вядомыя людзі свайго часу – Пушкін, Жукоўскі, Гогаль, Карамзін, Глінка. Гаспадыні тых баляў прысвячалі свае вершы Лермантаў і Някрасаў, пра яе ўзнёсла пісалі ў сваіх мемуарах сучаснікі. Як успамінае граф Уладзімір Салагуб, “кожную зіму Варанцовы давалі баль, які двор лічыў за гонар наведаць. Увесь цвет пецярбургскага кола запрашаўся на гэты баль. І гэта было заўсёды, так сказаць, падзея свецкага жыцця сталіцы”.
У палацы ў Варанцовых-Дашкавых гасцявала і сям’я вядомага фельдмаршала, намесніка Мікалая І ў Польскім Царстве Івана Фёдаравіча Паскевіча, жанатага на кузіне Аляксандра Сяргеевіча Грыбаедава – Елізавеце Аляксееўне. Калі Ірыне Варанцовай-Дашкавай споўнілася семнаццаць год, яна выходзіць замуж за іх сына Фёдара Іванавіча, генерал-ад’ютанта Світы Яго Імператарскай Вялікасці Аляксандра ІІ.
Разам з мужам яна прымае ўдзел у перабудове багатага асабняку ў Пецярбурзе – па суседстве з домам сваіх бацькоў. А калі мінае чатыры гады, яны ўступаюць у наследаванне Гомельскім маёнткам, дзе знаходзілася багатая княская сядзіба з палацам і пейзажным паркам. Яе перабудаваў “на шырокую нагу” І.Ф. Паскевіч пасля таго, як набыў у сенатара графа Сяргея Пятровіча Румянцава – у 1834 годзе.
Для афармлення беларускай рэзідэнцыі фельдмаршала імператар шчодра надзяляў яго трафеямі і каштоўнымі падарункамі. Цудоўным упрыгожваннем парка стала конная статуя Юзэфа Паняткоўскага, прывезеная з Польшчы. Да слова сказаць, у 1922 годзе яна была вернута савецкім урадам у Варшаву, і сёння яна стаіць перад Прэзідэнцкім палацам сталіцы.
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі
Конная статуя Юзэфа Паняткоўскага
Сядзібу Паскевічаў у Гомелі часта наведвалі члены царскай сям’і. Візіты, як правіла, суправаджаліся наладжваннем пышных прыёмаў і ўручэнне дарагіх памятных падарункаў гаспадарам.
Імператар Мікалай І у палацы свайго ўлюбёнага “бацькі-камандзіра” гасцяваў тройчы. У гонар першага прыезду ў Гомель былі прывезены дзве гіганцкія вазы, вырабленыя на Імператарскім фарфоравым заводзе па спецыяльным заказе. Потым яшчэ былі напольныя кандэлябры з крышталёвага і рубінавага шкла Імператарскага шклянога завода. Яшчэ – батальныя карціны з адлюстраваннем ваенных паходаў Паскевіча, якія жывапісцы выконвалі ў дзвюх экземплярах – у Зімовы палац імператара і ў Гомельскі фельдмаршала. Усё гэта і шмат чаго іншага ператварала палац Паскевічаў у скарбніцу мастацтва.
З выпадку ўрачыстай сустрэчы картэжу Аляксандра ІІ з жонкай у 1857 годзе па загадзе князя Фёдара Іванавіча, які ўступіў у наследаванне Гомельскім маёнткам пасля смерці бацькі, да параднага пад’езда палаца быў прыбудаваны каменны двухбаковы пандус.
Давайце разам з вамі думкава падымемся па пандусе да параднага пад’езда палаца, адчынім адныя з яго шматлікіх дзвярэй і пераступім парог. Што мы найперш убачым? Так, жывое фота з альбома “Гомель 1911”. Якое багацце, якая архітэктура, атмасфера! Вачэй не адвесці ад раскошы, якая царавала ў залах палаца ў той час.
З параднай пярэдняй трыма высокімі дзвярыма арачнага завяршэння мы трапляем з вамі ў калонную залу ў два паверхі вышынёй.
Адчуваеце, як імкнуліся гаспадары разам з утульнасцю і камфортам стварыць атмасферу прыўзнятага настрою і параднасці. Гэтаму, бачна, садзейнічала дэкаратыўнае афармленне сценаў і столі ў пакоях, іх філігранная мэбліроўка, рэдкасныя творы мастацтва і каштоўныя падарункі манархаў. Іх дэманстравалі з асаблівай пашанотнасцю, урачыста размяшчаючы на бачных месцах, часам у спецыяльных вітрынах і на подыумах, як у сапраўдным музеі. Да іх адносіліся і фарфоравыя вазы ад Мікалая І, пра якія мы ўпаміналі.
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі
Белая гасціная
На фота белай гасцінай адна з іх выразна прадстае перад нашым позіркам у цэнтры залі, разам з крышталёвымі кандэлябрамі абапал белых камінаў з вялізнымі люстрамі. Бясконца шкада, што гэтыя цудоўныя ўзоры мастацтва не перажылі  падзеяў пасля 17-га года! Але ўсё ж мы пазнаем паміж камінамі пару кандэлябраў у выглядзе бронзавых букетаў кветак, падорных Аляксандрам ІІ на памяць пра наведванне Гомеля. Яны захаваліся і зараз экспануюцца ў палацы.
На гэтым здымку яшчэ мы знаходзім на адной каміннай палічцы скульптуру Майсея (копія з работы Мікельанджэла), а на другой – перад люстэркам – зіхаціць залачонай бронзай гадзіннік з фігурамі Венеры і Галатэі. Па баках ад іх і на круглым стале – віціеватыя шматражковыя кандэлябры з выявай Сатыра, што таксама знаходзіцца сёння ў музейнай экспазіцыі.
Ідзем далей. Побач з белай гасцінай знаходзілася спальня князёўны, якая абстаўлена камплектам цудоўнай французскай мэблі. А яна ўпрыгожана мазаікай з дарагіх пародаў дрэва і накладнымі бронзавымі элементамі. Гэты гарнітур быў падораны Ірыне Іванаўне яе сям’ёй на вяселле з Фёдарам Іванавічам і прывезены ў палац у верасні 1856 года. Тут знаходзіліся ложак, бюро, лаўка для малення, камод, – на ім бачны бронзавы з эмалямі герб Варанцовых-Дашкавых і манаграма прозвішча. Яшчэ – чатыры начных столікі і крэслы з мяккімі сядзеннямі. У нашым музеі захавалася і верхняя частка камода.
Аналагічны гарнітур быў у спальні іспанскай каралевы Ізабелы ІІ у Мадрыдзе. На фота ў спальні князёўны бачым адзін з кафейных столікаў, аздоблены перламутравай інкрустацыяй.
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі
Залатая сталовая
А па сценах залатой сталовай развешаны вырабы саксонскага фарфору і срэбны посуд. Гасцей чакае стол, які стаіць у цэнтры, над ім звісае вялізная бронзавая люстра. Кідаюцца ў вочы парадныя партрэты Івана Фёдаравіча і Елізаветы Аляксееўны Паскевічаў. Сёння яны знаходзяцца ў вежы палаца, куды можна прайсці, мінуючы белую гасціную, – праз паўднёвую галерэю. Тут (у галерэі) знаходзілася шмат экзатычных раслінаў, а таксама скульптуры – “Тры грацыі”, “Венера”, “Меркурый”, які паступіў у 1939 годзе ў фонды Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дзе экспануецца і сёння.
У вялікім кабінеце ў вежы палаца Паскевічаў знаходзілася статуя Мікалая І ў вобразе старажытнарымскага імператара. Яна была змешчана ў каменную нішу ад ахалцыхскага фантана, прывезенага з Каўказа, і быццам бы належала разцу скульптара Хрысціяна Рауха – прыдворнага мастака прускага караля Фрыдрыха Вільгельма. Раухам быў выкананы і беламрамарны бюст жонкі Мікалая І Аляксандры Фёдараўны – бачны на фота справа ад аркі. Гэты партрэт імператрыцы сёння экспануецца ў Чырвонай гасцінай Гомельскага палаца.
Перагарнуўшы старонкі альбома, мы зноў сустрэнем вобраз Аляксандры Фёдараўны. У абстаноўцы той жа самай чырвонай гасцінай, на шафе, што стаіць ля сцяны, сярод розных прадметаў, што дажылі да нашых дзён, – бронзавая скульптура імператрыцы верхам на кані. Тут жа бюст і першага ўладальніка Гомельскага палаца Пятра Румянцава-Задунайскага. На фота чырвонай гасцінай, зробленай у 1860-я гады Дж. Біянкі, у гэтым месцы над камінам стаялі парныя кардэлябры і кансольны гадзіннік. У спісах пачатку ХХ стагоддзя яны значыліся ўжо ў порціку вежы.
У абстаноўцы Чырвонай гасцінай ў нашым уяўленні зноў узнікае вобраз князёўны Ірыны Іванаўны. Мы ведаем, што яна заўсёды з радасцю прымала тут сваіх блізкіх і гасцей.
А мы як быццам стаім побач з ёю, чуем яе ўздых і словы шкадавання:
– Божа, як жа няўмольна бяжыць час! – сказала Ірына, і памаліўшыся на вобраз Божай маці, паглядзела на сцены з партрэтамі родзічаў, на напольны гадзіннік справа ад каміну…
З шырокіх дзвярэй выйшаў дварэцкі, далажыў:
– Сударыня, матухна Ірына, да вас госці з Пецярбурга.
“Можа гэта мастацтвазнавец і мастак Георгій Лукомскі? А раптам менавіта ён прывёз са сталіцы доўгачаканы альбом з фатаграфіямі?”
І здагадкі не падвялі яе – праз хвіліну на парозе узнікла постаць мастака Лукомскага. Яна яшчэ не паспела ўстаць, як да яе хуткім крокам  ён падышоў і стаў перад ёй на калена.
– Шаноўная Ірына Іванаўна! Вось ён, ваш альбом. У ім сабраны фатаграфіі вашай сядзібы.
Ён паклаў на стале перад ёю новенькі альбом. Ад яго сыходзіў водар друкарскай фарбы, скураной вокладкі. Новенькі саф’янавы пераплёт, бронзавая закліпка. Картонныя, па краях залатыя абрэзы, старонкі, – усё глядзелася ўнушальна і прыгожа, пры тым без залішняй вычурнасці і мудрагелістасці. Князёўна, адчуваючы у сэрцы дрыготкую радасць, усё яшчэ не спяшалася дакрануцца да мяккай вокладкі.
– Усё зроблена так, як вы і прасілі, дарагая графінечка, ­– стаў ужо побач з ёю шчаслівы мастак.
– Ты мне прывёз з Пецярбурга вялікую радасць. Дзякую табе, Георгій, можна я цябе пацалую за гэта?
Патрэсквалі ў каміне сухія паленцы, а яны яшчэ доўга разглядалі прывезены альбом, разам радаваліся, што трымаюць у руках такую рэліквію, верылі, што альбом прынясе вялікую радасць і нашчадкам…
Праз тры гады пасля таго Георгій Лукомскі надрукуе ў часопісе “Столица и усадьба» частку фатаграфій з альбома ў сваім артыкуле. Яго ён пачне са слоў:
“Шмат сядзібаў раскідана па ўсіх прасторах айчыны. Нейкія, занядбаныя, гінуць, а ў нейкіх яшчэ цепліцца жыццё. Але ёсць і такія палацы, у якіх жыве увесь дух былога быту памешчыкаў. У Гомелі, Магілёўскай губерні, знаходзіцца адна з такіх найбольшых сядзібаў Расіі”. А потым дадасць да дэтальнага гісторыка-мастацкага апісання, што “збор Гомельскага палаца цудоўна ўтрымліваецца графіняй І.І. Паскевіч”.
А завершыць ён свой аповед наступнымі словамі:
“Гуляючы па спусцелых, бліскучых залах палаца, у якіх чуюцца нячутны шоргат і гучнае рэха, а потым выйшаўшы на прасторны і велічны, устаўлены старадаўнімі жалезнымі канапачкамі і шаравобразнымі лаўрамі ў цэбрах, пад’езд яго і, бачачы зялёны газон, які адкрываецца перад вачыма, акаймлёны густой лістотай векавых дрэваў, у прахалодным цені якіх сарамліва хаваюцца белыя мармуровыя бюсты людзей старажытнага мінулага, – ці ўдыхаючы водар заліўных лугоў па той бок Сожа, які шырыцца да гарызонта, ці любуючыся з акна антрэсоляў на акантавую лістоту капітэляў карынфскіх і пейзажам цудоўнага саду кветак і алеямі трэльяжу, – усюды так яскрава адчуваецца прысутнасць людзей, якія даўно перасяліліся ў іншы свет, што міжволі схіляецца галава перад усёй той працай і любоўю, якія былі ўкладзены тут пры стварэнні ўсёй прыгажосці гэтай сядзібы.
А таму асабліва дорага для нас усіх захаванне яе яшчэ на доўгія гады ўсё ў тым жа цэльным выглядзе, што так яскрава сведчыць у нашыя дні пра дзівацтвы, пра жыццё, пра густы і пра мастацтва мінулага…”
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохі
Выгляд збоку і правы куток вокладкі альбома “HOMEL-1911”
Ідзе час, мяняюцца жыццёвыя цыклы, а тое, што можа нам апавядаць пра мінулае, заўсёды знаходзіць трапяткі водгук у сэрцах людзей. Факты, фатаграфіі, паркавыя алеі і залы Гомельскага палаца, прадметы, артэфакты, якія захаваліся ў залах – гэта не толькі мінулае, а і будучае, гэта ўсё сведкі палацавай эпохі і часу.
У люстэрку палаца. Сведкі палацавай эпохіТаццяна Літвінава
Нарадзілася 1959 годзе.
Скончыла ў 1985 годзе Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны (спецыяльнасць гісторыя), у 2000 г. Інстытут культуры Беларусі (музеязнаўства і ахова помнікаў), у 2006 г. аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Кандыдат мастацтвазнаўства.
Працуе больш за 30 год у дзяржаўнай гісторыка-культурнай установе “Гомельскі палацава-паркавы ансамбль”, загадчык мастацкага аддзела.
Займаецца навуковымі даследваннямі і публікацыямі па праблемах, якія звязаны з пытаннямі гісторыі выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і архітэктуры Гомельшчыны, і ў прыватнасці Гомельскага палацава-паркавага ансамбля.
Матэрыял нарукаваны ў літаратурным альманаху “Палац”. 2017 г. №4. Ст.8–15.

Вернуться назад