Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Новости > Прэзентацыя другога нумару літаратурна-мастацкага альманаха “Палац”

Прэзентацыя другога нумару літаратурна-мастацкага альманаха “Палац”


4 декабря 2014

Прэзентацыя другога нумару літаратурна-мастацкага альманаха “Палац”10 снежня 2014 г. у Белай гасцёўні палаца Румянцавых і Паскевічаў адбылася прэзентацыя другога нумару літаратурна-мастацкага альманаха "Палац".
Грамадскае аб'яднанне "Саюз беларускіх пісьменнікаў" наладзіла у кожнай вобласці Беларусі выданне літаратурна-мастацкіх альманахаў. У Гародні - "Новы замак", у Бярэсці - "Жырандоля" (выйшла ўжо пяць нумароў), у Віцебску - "Ратуша" (выдалі першы нумар), у Магілёве "Брама" (выйшла два нумары). Сімвалічна, што у Віцебску прэзентацыя адбудзецца ў ратушы, у Гародні - у бібліятэцы пры Замку, у Магілёве - у Браме, у бібліятэцы. Натуральна, калі гомельскі альманах мае назву "Палац", то і прэзентацыя адбудзецца ў гэтым адметным гістарычным месцы - у палацы Румянцавых і Паскевічаў. Прэзентацыя першага нумару часопіса адбылася 10 сакавіка 2014 г. на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны.
Хто прадстаўлены ў альманаху, і што гэта за выданне? Асноўная мэта «Палаца» - найбольш поўна прадставіць не толькі сучаснае культурнае жыццё Гомельшчыны, апублікаваць найлепшых аўтараў, але і не забывацца на гістарычныя падзеі і асобы, якія адыгралі істотную ролю ў літаратурным развіцці рэгіёна. На старонках альманаха - проза, паэзія, успаміны, гістарычныя і літаратуразнаўчыя матэрыялы, прысвечаныя мінуламу і сучаснасці Гомельскай зямлі. Асноўныя рубрыкі так і называюцца: "Подых часу", "Спадчына", "Гісторыя роднага краю", "Проза", "Паэзія", "Літаратуразнаўства", "Старонка для дзяцей" і іншыя.
Сярод аўтараў альманаха - як слынныя і вядомыя паэты, празаікі, літаратуразнаўцы, публіцысты, тыя, хто жыве сярод нас і каго няма, так і тыя, хто нідзе яшчэ не друкаваўся.

Пра Гомельшчыну і яе гісторыю ў новым нумары расказваюць Валянціна Лебедзева, Мікола Ермакоў, Таццяна Літвінава, Ларыса Раманава. Празаік Міхась Даніленка, які адзначыў не так даўно сваё дзевяностагоддзе, выступае з апавяданнямі, мастак Мікола Дуброва выступіў як празаік.
Даніну павагі альманах аказаў тым, каго няма сярод нас - Іван Кірэйчык з "Казкай пра Вожыка", Мікола Літвінаў з вершамі пра Гомельшчыну і Чарнобыль, Павел Шыбут "Гавораць дзеці".
Свае новыя творы прадставілі паэты Алесь Бардоўскі, Генадзь Лапацін, Уладзімір Бабкоў, Югася Каляда, Дар'я Дарошка...
У раздзеле "Літаратуразнаўства" выступаюць Вольга Шынкарэнка, Ірына Бароўская, Святлана Цыбакова.
На прэзентацыі новага нумару альманаха "Палац" наведвальнікі пазнаёміліся не толькі з самім выданнем, але і з яго аўтарамі – таленавітымі гомельскімі літаратарамі: са старшынём гомельскага аддзялення СБП і рэдактарам альманаха Анатолем Бароўскім, паэтамі Генадзем Лапаціным, Вадзімам Болбасам, Ларысай Раманавай. Дэбютаваў у альманаху і на прэзентацыі малады гомельскі паэт Андрэй Петрашэўскі. Выступілі для аўдыторыі і пазнаёмілі са сваімі творамі адмыслова запрошаныя літаратары з Мінску: старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Дзеяслоў" Алесь Пашкевіч, памочнік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў Усевалад Сцебурака. Сапраўдным падарункам стала выступленне на прэзентацыі бардаў – Вольгі Цярэшчанкі і Зміцера Бартосіка.


Вернуться назад