Гомельский дворцово-парковый ансамбль > Выставки > Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"

Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"


23 сентября 2013

Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"11 верасня 2013 г. у выставачнай зале цэнтральнай часткi палаца Румянцавых і Паскевічаў адбылося адкрыццё восьмай персанальнай выставы беларускага мастака Анатоля Уладзіміравіча Отчыка "На бранскай зямлі", прысвечанай 1025-годдзю хрышчэння Русі. У зале палацу мастак прадставіў вынікі сваёй творчай працы на двух міжнародных пленэрах. Першы міжнародны пленэр "Тут закаханага паэта вее лёгкая мара...", які адбыўся на радзіме знакамітага рускага паэта Ф.І. Цютчава - Аўстугу і быў прысвечаны 210-годдзю са дня нараджэння паэта, і XIV Міжнародны пленэр "Унеча - край натхнення" дазволілі мастаку раскрыць прыгажосць і непаўторнасць маляўнічых мясцін Браншчыны.
Анатоль Уладзіміравіч Отчык нарадзіўся 7 ліпеня 1949 г. у вёсцы Шыічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Першыя навыкі ў выяўленчым мастацтве ён атрымаў у студыі пры Мазырскім народным тэатры імя Івана Мележа ў мастака Пятра Захарава. Скончыў Пензенскае мастацкае вучылішча імя К.А. Савіцкага, а затым Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Анатоль Отчык з`яўляецца удзельнікам шматлікіх міжнародных, усесаюзных, замежных, рэспубліканскіх і абласных мастацкіх выстаў з 1978 г., а таксама 14 міжнародных пленэраў. Член Беларускага саюза мастакоў з 1986 г. За перыяд з 1989 па 2009 гг. было арганізавана 7 персанальных выстаў Анатоля Отчыка.
Работы Анатоля Отчыка знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музеі сусветнай спадчыны (Ганконг), фондах музея Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, Бранскім мастацкім музеі, кіеўскім, брэсцкім і белгародскім мастацкіх музеях, ваенна-гістарычным музеі-запаведніку «Прохараўскае поле», рэчыцкім, чачэрскім, тураўскім і мазырскім музеях, у буда-кашалёўскай, светлагорскай і ўнечскай карцінных галерэях.
Мастак прысвяціў выставу "На бранскай зямлі" значнай для славянскіх зямель падзеі - 1025-годдзю хрышчэння Русі. У цудоўных карцінах, прадстаўленых на выставе, Анатоль Отчык адлюстраваў ціхую, паэтычную, непаўторную прыгажосць бранскіх храмаў і манастыроў, ачышчальнае святло гаючых святых крыніц, хараство вясковых краявідаў і цудоўныя панарамы, якія адкрываюцца з берагоў Дзясны. На выставе "На бранскай зямлі" беларускі мастак раскрывае гледачу сваю акрыленую і натхнёную святымі мясцінамі душу праз творы, напоўненыя адухоўленым сэнсам, і быццам запрашае на імгненне спыніцца і задумацца аб вечным...

 

Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"   Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"   Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"   Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"

Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"   Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"   Выстава жывапісу Анатоля Отчыка "На бранскай зямлі"

 


Вернуться назад